Інвестар натхне другое жыццё ў помнік архітэктуры канца XIX стагоддзя ў Віцебску
28 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Помнік архітэктуры 3-й катэгорыі канца XIX - пачатку XX стагоддзяў атрымае другое жыццё па выніках аўкцыёну, які правёў сёння абласны тэрытарыяльны фонд "Віцебскаблмаёмасць", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Абвешчаныя паўторныя таргі па продажы аб'екта дзяржмаёмасці прызнаны несастояўшыміся, бо заяўку на лот падаў толькі адзін удзельнік. У адпаведнасці з указам №232 ад 5 мая 2009 года "Аб некаторых пытаннях правядзення аўкцыёнаў (конкурсаў)" арганізатары прапанавалі адзінаму прэтэндэнту набыць лот, які яго зацікавіў, па цане, што перавышае пачатковую на 5%. У выніку аднапавярховая капітальная пабудова з незавершанай рэканструкцыяй агульнай плошчай 175 кв.м прададзена новаму ўласніку амаль за Br160 млн. Адначасова пакупнік набыў права арэнды на 50 гадоў зямельнага ўчастка плошчай 0,0445 га для ўтрымання і абслугоўвання будынка.
Уласнік абавязваецца выкарыстоўваць нерухомасць пад размяшчэнне аб'екта грамадска-дзелавога прызначэння, культурна-выставачнага цэнтра або офіснага памяшкання, аб'екта гандлю або грамадскага харчавання. Работы па рэканструкцыі помніка архітэктуры неабходна будзе завяршыць да канца 2012 года.
Будынак размешчаны ў раёне гістарычнай забудовы "Задзвінне" абласнога цэнтра, аднак дакладную дату яго будаўніцтва ўстанавіць не ўдалося. Па стылістычных прыкметах пабудову можна аднесці да канца XIX - пачатку XX стагоддзяў, будынак мае шэраг характэрных для жылых дамоў таго часу прыёмаў архітэктурных рашэнняў фасадаў. Будынак захаваўся пасля Вялікай Айчыннай вайны, а з 1966 года выкарыстоўваўся пад дзіцячую бібліятэку імя Астроўскага. У 1999 годзе быў распрацаваны праект яго рэканструкцыі, які з-за праблем з фінансаваннем не быў рэалізаваны.
Па выніках праведзеных сёння таргоў у гаспадарчы абарот будуць уключаны яшчэ тры аб'екты былога ваеннага гарадка ў Паставах, якія выстаўляліся з пачатковай цаной продажу ў адну базавую велічыню (Br35 тыс.). На лоты зарэгістраваўся адзін прэтэндэнт, таму аўкцыён прызнаны несастояўшымся, а адзіны ўдзельнік пагадзіўся набыць нерухомасць па цане, што перавышае пачатковую на 5%. У выніку будынкі агульнай плошчай звыш 4 тыс.кв.м прададзены за суму больш за Br100 тыс. прыватнаму вытворчаму ўнітарнаму прадпрыемству "Пастаўскі мэблевы цэнтр". Новы ўласнік плануе выкарыстоўваць будынкі былой казармы, штаба і складоў ваеннага гарадка для пашырэння вытворчай базы прадпрыемства і арганізацыі працоўных месцаў.-0-