Інвестарам у Беларусі ствараюцца прывабныя ўмовы для развіцця вытворчасці рэфармаваных гаспадарак
10 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі арганізацыям-інвестарам ствараюцца роўныя і прывабныя ўмовы ў вырашэнні пытанняў развіцця вытворчай сферы рэфармаваных гаспадарак. Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка 6 жніўня падпісаў указ № 414 "Аб унясенні змяненняў і дапаўнення ва ўказы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 13 мая 2008 г. № 258 і ад 24 чэрвеня 2008 г. № 350", паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Прэзідэнта.
Змяненні і дапаўненне накіраваны на далейшае павышэнне эфектыўнасці сельскагаспадарчай вытворчасці. Яны прадугледжваюць прадастаўленне юрыдычным асобам, якія набылі (набываюць) адпаведна ў 2004 і 2005 гадах і ў 2006-2010 гадах ва ўстаноўленым парадку (шляхам рэарганізацыі, куплі, бязвыплатнай перадачы прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў) правы і абавязкі сельскагаспадарчых арганізацый, права на працягу трох гадоў дадаткова змяншаць памер збору ў фонд падтрымкі сельгасвытворцаў на суму кошту набытых спецыялізаваных будынкаў і збудаванняў сельгаспрызначэння, выкананых і аплачаных работ па іх будаўніцтве і рэканструкцыі або адзінага падатку для вытворцаў сельгаспрадукцыі (для юрыдычных асоб, якія выплачваюць гэты падатак у адпаведнасці з дэкрэтам ад 13 ліпеня 1999 г. № 27) на гэту ж суму, але не больш за 50% сумы падатку.
Заснавальнікам (напрыклад, банкам) юрыдычных асоб пры набыцці і перадачы названым юрыдычным асобам спецыялізаваных будынкаў і збудаванняў сельскагаспадарчага прызначэння прадастаўляецца права на працягу двух гадоў з даты іх перадачы змяншаць падатак на прыбытак на суму кошту такіх будынкаў і збудаванняў.
Таксама вызначаны даты набыцця, будаўніцтва, рэканструкцыі спецыялізаваных будынкаў і збудаванняў сельгаспрызначэння.
"Прапанаваныя меры дазваляюць стварыць арганізацыям-інвестарам роўныя і прывабныя ўмовы ў вырашэнні пытанняў развіцця вытворчай сферы рэфармаваных гаспадарак на аснове комплекснага падыходу. Абнаўлення патрабуюць не толькі машынна-трактарны парк названых арганізацый, інвестыцыі патрэбны і для рэканструкцыі старых і будаўніцтва новых будынкаў, збудаванняў сельскагаспадарчага прызначэння", - растлумачылі ў прэс-службе Прэзідэнта.
Гэта ўзгадняецца з мэтамі і задачамі Дзяржаўнай праграмы адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гады.
Палепшыцца інвестыцыйны клімат галіны, што будзе спрыяць устойлівасці развіцця аграрнага сектара эканомікі.
Па разліках Мінсельгасхарчпрада, названыя меры дазволяць арганізацыі-інвестару на працягу года накіроўваць на набыццё, будаўніцтва і рэканструкцыю будынкаў і збудаванняў сельскагаспадарчага прызначэння ў сярэднім больш за Br100 млн.
Указ уступае ў сілу з першага чысла месяца, наступнага за месяцам яго афіцыйнага апублікавання.-0-