Інвестары з Расіі і Сірыі маюць намер будаваць у Віцебску дзелавыя цэнтры
15 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Праекты па будаўніцтве ў Віцебску дзелавых цэнтраў маюць намер рэалізаваць расійскія і сірыйскія бізнесмены. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведаміў старшыня гарвыканкама Віктар Нікалайкін пасля цырымоніі падпісання пратаколаў аб намерах з інвестарамі, якая прайшла сёння ў рамках міжнароднага інвестыцыйнага форуму ў абласным цэнтры.
Расійская кампанія "Мегахимбыт" плануе ўзвесці культурна-дзелавы цэнтр у цэнтральнай частцы горада ў раёне вуліцы Леніна. Аб'ём інвестыцый у рэалізацыю праекта ацэньваецца ў $9,5 млн., да работ інвестары плануюць прыступіць ужо ў бягучым годзе, адзначыў Віктар Нікалайкін.
Яшчэ адзін праект прадугледжвае нароўні з рэканструкцыяй будынка былога палаца культуры пад бізнес-цэнтр таксама будаўніцтва ў комплексе з ім шматпавярховага жылога дома. Інвестарам выступае СТАА "Кравіра", заснавальнікамі якой з'яўляюцца сірыйскія бізнесмены. Агульны кошт праекта складае каля Br17 млрд., з іх $2,5 млн. - замежныя інвестыцыі.
Па папярэдняй інфармацыі, усяго ў рамках віцебскага міжнароднага інвестыцыйнага форуму падпісана каля дзесяці дагавораў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі вобласці і партнёрамі з Латвіі і Германіі, а таксама пратаколаў аб намерах па рэалізацыі праектаў у сферы сельгасмашынабудавання, будаўніцтва і лёгкай прамысловасці.-0-