Інвестары са Славакіі праяўляюць цікавасць да сферы дрэваапрацоўкі ў Віцебскай вобласці
Сфера вытворчасці прадукцыі дрэваапрацоўкі ў Віцебскай вобласці найбольш цікавая інвестарам са Славакіі. Такое меркаванне выказаў намеснік старшыні камітэта эканомікі Віцебскага аблвыканкама Канстанцін Чорны на прэс-канферэнцыі, прысвечанай маючаму адбыцца міжнароднаму эканамічнаму форуму ў Віцебску.
"Са Славакіяй перспектыўная распрацоўка праектаў па вырабе гатовых будаўнічых канструкцый на тэрыторыі Віцебскай вобласці. Славацкія партнёры гэта пацвярджаюць. У "Віцебскдрэва", напрыклад, ёсць добрыя сталярныя вырабы. Наш брус, профіль ужо падагнаны пад стандарты і ўзоры краін ЕС. Так чаму б не паспрабаваць пастаўкі ў Еўропу свайго роду паўфабрыката, але з максімальнай ступенню перапрацоўкі і дабаўленай вартасцю", - растлумачыў ідэю Канстанцін Чорны.
У гэтым выпадку тое ж "Віцебскдрэва" разумела б, што ў яго ёсць устойлівы заказчык на канкрэтныя аб'ёмы, напрыклад, профілю. А партнёр за мяжой ведаў, як паўфабрыкат выкарыстоўваць і ў сваёй камплектацыі распаўсюджваць прадукцыю па краінах ЕС без пошлін і падаткаў.
"Таксама мы хочам прадставіць на форуме інвестпраект Пастаўскага мэблевага цэнтра па вытворчасці паркетных шчытоў. Еўропа сёння вяртаецца да натуральных, прыродных матэрыялаў. І падобнага кшталту праекты за кошт таго, што ў нас ёсць свая сыравінная зона, але не хапае нейкіх тэхналогій, мы паспрабуем прадставіць нашым замежным партнёрам", - адзначыў Канстанцін Чорны. Пад кожнага госця ў гэтым годзе плануюцца індывідуальныя праграмы знаходжання (акрамя наведвання самога форуму).
"Калі прыязджае пасол Германіі, то мы прапануем яму праграму сустрэч і перамоваў з прадстаўнікамі прадпрыемстваў, дзе можна атрымаць найбольшую аддачу. Гэта значыць, гэта прагматычны падыход да арганізацыі візітаў з высокай эфектыўнасцю. Шмат увагі надаём візіту нашых расійскіх партнёраў. Гэта Смаленск, Бранск, Іванава, Саратаў, Валгаград. З гэтымі рэгіёнамі ў нас ужо ёсць напрацоўкі па супрацоўніцтве. Цяпер хочам пагаварыць ужо канкрэтна, вылучыць 2-3 напрамкі і паспрабаваць іх замацаваць якім-небудзь дакументам з указаннем выканаўцаў і тэрмінаў", - растлумачыў Канстанцін Чорны.
Таксама ён падкрэсліў, што асноўны ўпор на форуме робіцца не проста на прэзентацыю інвестыцыйных праектаў, а на іх інавацыйны складнік - выпуск новай прадукцыі, укараненне новых тэхналогій. "Сёння важна навучыцца прадстаўляць сябе не толькі на радзіме, але і ва ўсім свеце. Таму задача форуму ў тым ліку навучыць самі прадпрыемствы і нашы рэгіёны, як гэта рабіць", - дадаў суразмоўца. V Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" пройдзе ў Віцебску 12-13 мая. Арганізатарамі выступаюць Віцебскі аблвыканкам і гарвыканкам, абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", абласны саюз наймальнікаў, адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск".
Кацярына Князева – БЕЛТА.