Інвестары маюць намер пабудаваць у Браслаўскім раёне базы адпачынку і катэджны пасёлак
30 верасня, Браслаўскі раён /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Інвестары маюць намер пабудаваць у Браслаўскім раёне дзве базы адпачынку, пасёлак катэджнага тыпу і рэканструяваць гасцініцу ў райцэнтры. Пагадненні аб гэтым падпісаны сёння ў Браславе на II Міжнароднай канферэнцыі па трансгранічным супрацоўніцтве і развіцці інвестыцыйнай дзейнасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Будаўніцтвам баз адпачынку і катэджнага пасёлка мае намер заняцца ТАА "Кіроскпромбуд". Інвестар збіраецца ўкласці ў рэалізацыю праекта 3 млн. еўра. Да 2012 года плануецца пабудаваць базу адпачынку на 50 месцаў. На працягу 2011-2015 гадоў інвестар збіраецца ўзводзіць штогод па 20 жылых дамоў, а ў 2015 годзе завяршыць рэалізацыю праекта будаўніцтвам другой базы адпачынку на 100 месцаў. Як чакаецца, дзякуючы гэтаму праекту будзе створана 60 новых працоўных месцаў, а Браслаўскі раён павялічыць дадатковую падатковую базу.
ТАА "Akva nmp" плануе інвеставаць каля 1,5 млн. еўра ў рэканструкцыю гасцініцы ў Браславе. На рэалізацыю праекта адводзіцца каля трох гадоў.
Акрамя гэтых пагадненняў сёння на канферэнцыі былі падпісаны пратаколы намераў аб супрацоўніцтве Браслаўскага райвыканкама з раённымі самакіраваннямі прыгранічных раёнаў Расіі, Літвы, Латвіі.
Міжнародная канферэнцыя завершыць сваю працу 2 кастрычніка. Яна праходзіць у рамках семінара "Перспектывы развіцця трансгранічнага супрацоўніцтва ў еўрарэгіёне "Азёрны край".-0-