СГП "Детскасельскі-Гарадок" інвестуе Br1,5 млрд у пашырэнне аптова-лагістычнага цэнтра па экспарце агародніны.
23 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Замежнае прыватнае унітарнае сельскагаспадарчае вытворчае прадпрыемства "Дзецкасельскі-Гарадок" інвестуе каля Br1,5 млрд. у пашырэнне аптова-лагістычнага цэнтра ў пасёлку Езярышча (Гарадоцкі раён), паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Усціменка.
Дзеючы аптова-лагістычны цэнтр прызначаны для дапрацоўкі і захоўвання бульбы і агародніннай прадукцыі беларускіх вытворцаў, якая затым экспартуецца ў Расійскую Федэрацыю. У цяперашні час тут працуе галандская лінія па сартаванні і дробнай фасоўцы бульбы. На стварэнне цэнтра і яго тэхнічнае аснашчэнне таксама было накіравана Br1,5 млрд. У мінулым годзе аптова-лагістычным цэнтрам экспартавана агародніны прыкладна на $200 тыс.
У 2011 годзе прадпрыемства мае намер закупіць яшчэ адну лінію па сартаванні і фасоўцы бульбы і агародніннай прадукцыі. У адрозненне ад раней усталяванай яна дазволіць рэалізаваць агародніну, якая будзе чыста вымыта. Прадпрыемства таксама мае намер да канца бягучага года ўзвесці сучаснае бульбасховішча. З завяршэннем гэтых работ вытворчыя магутнасці цэнтра складуць 30 тыс.т бульбы ў год, аб'ём захоўвання - 9 тыс.т, пачнецца сартаванне і фасоўка морквы і капусты.
Сяргей Усціменка падкрэсліў, што пашырэнне лагістычнага цэнтра дазволіць акумуляваць ў адным месцы і дапрацоўваць з улікам патрабаванняў гандлёвых сетак Расійскай Федэрацыі вырабленую ў рэспубліцы агароднінную прадукцыю, забяспечыць яе стабільную рэалізацыю на экспарт.
ЗПУСПП "Дзецкасельскі-Гарадок" уваходзіць у склад аграпрамысловага канцэрна "Дзецкасельскі". Прадпрыемства зарэгістравана на тэрыторыі Віцебскай вобласці ў 2007 годзе. Займаецца вытворчасцю і аптовым гандлем сельгаспрадукцыі. Мае філіял "Віраўлянскі", дзе вядзецца будаўніцтва малочна-таварнага комплексу на 1,2 тыс. галоў надойнага статка.
Аграпрамысловы канцэрн "Дзецкасельскі" з'яўляецца адным з найбуйнейшых сельгасвытворцаў у Паўночна-Заходнім рэгіёне Расіі. У яго склад уваходзіць больш за два дзясяткі прадпрыемстваў на тэрыторыі Ленінградскай, Варонежскай абласцей РФ, у краінах СНД. У структуры канцэрна - агракомплексы, перапрацоўчыя заводы, гандлёвыя дамы (у тым ліку расійска-беларускі), рознічная гандлёвая сетка.-0-