СГУ "Славянскі прадукт" (Віцебская вобласць) упершыню паставіла ў Германію дзве партыі гарэлкі "Partisan".
23 снежня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. СП УП "Славянскі прадукт" (Шуміліна, Віцебская вобласць) упершыню паставіла на рынак Германіі дзве партыі элітнай гарэлкі "Partisan" на суму $40,5 тыс. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Ігар Паляхоін.
Прадукцыя прадпрыемства плануецца да рэалізацыі праз сетку рэстаранаў, кафэ і ўжо атрымала высокую ацэнку на нямецкім рынку. "Наш нямецкі партнёр перадаў нам у карыстанне сваю гандлёвую марку "Partisan" і цалкам займаецца прасоўваннем прадукцыі", - адзначыў Ігар Паляхоін. Сёння прадпрыемства заключыла шэраг кантрактаў, рэалізацыя якіх дазволіць айчыннаму вытворцу ў 2010 годзе штомесяц пастаўляць у Германію каля 10 тыс. бутэлек гарэлкі.
Акрамя таго, у гэтым годзе прадпрыемства прыступіла да асваення расійскага рынку, паставіўшы першую партыю прадукцыі на суму амаль $30 тыс. "З прасоўваннем на расійскім рынку ёсць шэраг складанасцей, аднак для нас гэта напрамак з'яўляецца адным з перспектыўных для нарошчвання экспартнага патэнцыялу прадпрыемства", - лічыць дырэктар. Таксама "Славянскі прадукт" прапрацоўвае магчымасці па выхадзе на рынак Казахстана.
Па выніках бягучага года прадпрыемства плануе выпусціць 75 тыс. дал гарэлкі, што амаль на 42% больш, чым у 2008-м. "Славянскі прадукт" спецыялізуецца на вытворчасці высокакаштоўнай гарэлачнай прадукцыі, у тым ліку ў сувенірным афармленні, пад гандлёвымі маркамі "Славянскае золата", "Сібір", "Гжэлка" і "Пятровіч". На прадпрыемстве ўкаранёна сістэма менеджменту якасці ISO 9001-2009.
Замежнае вытворчае прыватнае унітарнае прадпрыемства "Славянскі прадукт" створана ў 2003 годзе з удзелам расійскага інвестара.-0-