Ірына Леўковіч пра сітуацыю з цэнамі на сацыяльна значныя тавары ў Віцебскай вобласці
– Калі коратка ахарактарызаваць цэнавую сітуацыю на спажывецкім рынку Віцебскай вобласці, то яна стабільная, – падкрэсліла Ірына Пятроўна. – Пытанне цэн і цэнаўтварэння знаходзіцца на асаблівым кантролі ў кіраўніка дзяржавы, які ў Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Рэспублікі Беларусь падкрэсліў, што менавіта цэны з'яўляюцца тэмай, якая найбольш турбуе насельніцтва. Калі яны будуць высокімі, то зарплата заўсёды будзе здавацца недастатковай. Вызначана сярэднетэрміновая задача па ўтрыманні інфляцыі ў межах 5%, а органы ўлады павінны неадкладна рэагаваць на неабгрунтаваны рост цэн на тавары і паслугі.
Павінна адзначыць, што сусветны крызіс у сувязі са складанай эпідэміялагічнай абстаноўкай не абышоў і нас, што не магло не адбіцца на ўзроўні інфляцыі. Вымяраемая індэксам спажывецкіх цэн, інфляцыя за сем месяцаў бягучага года ў вобласці склала 104,1% пры запланаваным паказчыку на гэты год – 105%.
– Асноўныя фактары, якія паўплывалі на ўзровень інфляцыі ў бягучым годзе?
– Перш за ўсё, гэта пагаршэнне знешніх умоў: адбылося скарачэнне прапановы тавараў, павелічэнне кантрактных цэн на харчаванне ў імпарцёраў. У большай ступені гэта закранула тавары крытычнага імпарту (крупы грэцкай, маннай, рысу, рыбы, расліннага алею, кавы, гарбаты), асобныя найменні садавіны і агародніны. Так, цэны на рыбу і рыбапрадукты за 7 месяцаў 2020 года выраслі на 2,7%, крупы і бабовыя – 7,7%, алей раслінны – 5,6%, пладаагароднінную прадукцыю – 15,9%.
Для параўнання. У Расійскай Федэрацыі, па інфармацыі Федэральнай службы дзяржаўнай статыстыкі, у чэрвені 2020 года прырост кошту грэцкай крупы з пачатку года склаў 37,7%, маннай – 8,3%, рысу шліфаванага – 13,2%, бабовых – 8,6%.
З улікам сітуацыі, якая склалася, у красавіку ўрад увёў часовае дзяржаўнае рэгуляванне цэн шляхам устанаўлення прэдзельных памераў гандлёвых надбавак на асобныя сацыяльна значныя тавары з мэтай папярэджання іх росту, у тым ліку на мяса, рыбу, хлеб, малако, агародніну, крупы, дзіцячае харчаванне, сродкі абароны органаў дыхання і дэзінфікуючыя сродкі.
Своечасовае прыняцце такіх мер дазволіла часткова знізіць негатыўны ўплыў інфляцыйных фактараў, захаваць змяненне цэн на асноўныя тавары на ўмераным узроўні. Цяпер сітуацыя на спажывецкім рынку рэспублікі стабілізавалася, адсутнічае падвышаны попыт з боку насельніцтва, маецца дастатковы асартымент сацыяльна значных тавараў, МАРГ у чэрвені бягучага года выключыў з рэгулявання цэны на растваральную каву, мясныя і рыбныя кансервы, сухое малако, цвёрдае гаспадарчае і туалетнае мыла, запалкі, гігіенічныя пракладкі, падгузнікі (дзіцячыя і дарослыя), туалетную паперу.
– Дзяржава заўсёды рэгулявала цэны на цукар. Гэта застаецца ў сіле?
– Так. Часовае цэнавае рэгуляванне ажыццяўляецца: на цукар белы крышталічны з устанаўленнем прэдзельнай мінімальнай цаны ў памеры не ніжэй за 1,50 рубля за 1 кг і прэдзельнай максімальнай гандлёвай надбаўкі ў памеры 15% з тэрмінам дзеяння да канца года; на крупы грэчневыя – з максімальнай гандлёвай надбаўкай 25% па 30 верасня 2020 года.
– Скажыце, цэны толькі растуць, ці ёсць іншыя прыклады?
– Вядома, ёсць. Згодна са статыстычнымі данымі ў ліпені 2020-га ў параўнанні са снежнем мінулага года адзначаецца зніжэнне цэн у Віцебскай вобласці на мяса і мясапрадукты, курыныя яйкі, пшанічную муку, просавую крупу, свежыя памідоры і агуркі.
Акрамя таго, павінна адзначыць, што сярэднія рознічныя цэны ў нас на большасць спажывецкіх тавараў у ліпені бягучага года склаліся ніжэй або на ўзроўні сярэдніх цэн па рэспубліцы: на мяса і мясапрадукты, малако і малочныя прадукты, сыры, яйкі, макароны, свежую агароднінную прадукцыю, рыбу і рыбапрадукты.
У другой палове года чакаецца паступовая стабілізацыя сітуацыі на рынку плодаагародніннай прадукцыі і ў выніку паступовае вяртанне інфляцыі ў прагнозную траекторыю.
Для стымулявання пакупніцкай актыўнасці гандлёвыя прадпрыемствы, у тым ліку сумесна з вытворцамі, праводзяць розныя маркетынгавыя мерапрыемствы: акцыі, пашыраныя распродажы са зніжэннем цэн.
За першае паўгоддзе 2020 года ў вобласці праведзена 1598 распродажаў, кірмашоў, выстаў-продажаў харчовых і нехарчовых тавараў.
– Якія меры прымае ўлада, каб пазбегнуць рэзкіх скачкоў цэн на тавары і паслугі?
– У Беларусі, як і ва ўсіх краінах, існуюць цэны і тарыфы, як рэгулюемыя дзяржавай, так і якія ўстанаўліваюцца гаспадарчымі суб'ектамі самастойна, зыходзячы з кан'юнктуры рынку. Каб выключыць адначасовы рост рэгулюемых цэн, тарыфы на паслугі ЖКГ, да прыкладу, падвышаюцца ў два этапы – у студзені і чэрвені (для тыпавой двухпакаёвай кватэры – у памеры не больш чым на 5 долараў).
Для прыняцця рашэння аб змяненні рэгулюемых цэн і тарыфаў, а таксама ўвядзенні часовых мер па рэгламентаванні парадку цэнаўтварэння на асобныя групы тавараў створана камісія пры Савеце Міністраў. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі шырокага кола органаў дзяржкіравання. На пасяджэннях камісіі разглядаецца эканамічнае абгрунтаванне кожнага планаванага змянення цэн (тарыфаў). Гэта дазваляе прымаць узважаныя рашэнні, улічваючы фінансавы стан арганізацый галіны і абгрунтаванасць затрат, каб не дапусціць рэалізацыі тавараў і паслуг ніжэй сабекошту, а таксама захаваць іх даступнасць для насельніцтва.
У мэтах аператыўнага рэагавання на праблемныя сітуацыі, якія ўзнікаюць у грамадзян у сферы гандлю, штодзённа па буднях у галоўным упраўленні гандлю і паслуг аблвыканкама арганізавана праца «гарачай лініі». Звароты аператыўна разглядаюцца, прымаюцца меры па недапушчэнні ненадлежнага гандлёвага абслугоўвання ў далейшым.
Пытанні стабільнасці на спажывецкім рынку вобласці, уключаючы цэнавую даступнасць і наяўнасць шырокага асартыменту тавараў, знаходзяцца на пастаянным кантролі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта і гаррайвыканкамаў.