Штучныя палі для міні-футбола з'явяцца ў Чашніках і Міёрах

15 мая, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Маладыя спартсмены ў Чашніках і Міёрах (Віцебская вобласць) будуць гуляць на новых палях для міні-футбола з штучным пакрыццём, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама. Урачыстае адкрыццё спартыўных аб'ектаў адбудзецца падчас Адзінага тыдня масавага футбола, які пройдзе ў Беларусі з 17 па 23 мая. Штучныя палі перададзены асацыяцыяй "Беларуская федэрацыя футбола" і будуць служыць хлапчукам, якія асвойваюць азы папулярнай гульні ў мясцовых дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах. У вобласці ўжо эксплуатуюцца 6 такіх палян. Акрамя таго, адкрыта каля 40 палёў для футбола, у тым ліку тры са штучным пакрыццём. Футбольная інфраструктура вобласці пастаянна ўдасканальваецца. Так, у Цэнтральным спартыўным комплексе Віцебска плануецца адкрыць другое поле з натуральным пакрыццём. Вядзецца падрыхтоўка да ўзвядзення крытага футбольнага манежа на 2,5 тыс. месцаў, які будзе размешчаны ў новым мікрараёне. Да фестывалю "Славянскі базар у Віцебску" ў горадзе адкрыецца пляцоўка для аматараў пляжнага футбола. Падчас Адзінага тыдня масавага футбола больш за 17 тыс. жыхароў вобласці атрымаюць магчымасць прадэманстраваць сваю любоў да папулярнай гульні. Для ўдзелу ў разнастайных турнірах і спаборніцтвах ужо заяўлена звыш 1,5 тыс. каманд, сфарміраваных у райцэнтрах і аграгарадках, па месцы вучобы, працы або службы, у тым ліку з ветэранаў спорту і членаў грамадскіх арганізацый. На працягу тыдня запланаваны дабрачынныя акцыі ў дзіцячых дамах, наведванне школ-інтэрнатаў, сустрэчы з ветэранамі спорту і майстар-класы. У вобласці адкрыта больш за 20 аддзяленняў футбола пры дзіцяча-юнацкіх спартыўных школах, у якіх займаюцца звыш 2,5 тыс. чалавек.-0-