Мастацтва аўтсайдэраў прадстаўлена на выставе ў Полацку

30 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выстава "Мастацтва аўтсайдэраў" адкрылася сёння ў мастацкай галерэі Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея-запаведніка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік выяўленчай студыі Псіханеўралагічнага інтэрната №2 Мінска Таццяна Біруля. У незвычайнай экспазіцыі прадстаўлена больш за 70 работ. Аднак наведвальнікі не ўбачаць сярод іх твораў пэндзля прафесійных жывапісцаў. Іх аўтары - аўтсайдэры, пацыенты Псіханеўралагічнага інтэрната №2 Мінска. Праз абстрактныя і тэматычныя кампазіцыі яны адлюстравалі свае думкі і эмоцыі. "Работы, у большасці сваёй выкананыя ў цёплай каляровай гаме, напоўнены ціхім сумам, светлай журбой - самымі рознымі пачуццямі. Толькі некалькі кампазіцый адрозніваюцца змрочнасцю, нясуць адбітак пакуты і болю", - расказала суразмоўніца. Мастацкі праект закліканы прыцягнуць увагу грамадскасці да людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе. Акрамя таго, ён з'яўляецца адным з першых крокаў па развіцці ў Беларусі руху "Аўтсайдэр-Арт" - напрамку ў мастацтве, які ўжо атрымаў шырокае распаўсюджванне ў Еўропе. З гэтай мэтай пасля Полацка экспазіцыя адправіцца ў падарожжа па беларускіх гарадах, падчас якога яна будзе папаўняцца і абнаўляцца. У канцы 2010 - пачатку 2011 года выстава будзе дэманстравацца ў Музеі мастацтва аўтсайдэраў у Маскве. Да ўдзелу ў праекце запрашаюцца ўсе, хто адчувае сябе аўтсайдэрам і не з'яўляецца мастаком. У Полацку выстава будзе працаваць да 1 снежня. Куратарам праекта з'яўляецца член Беларускага саюза мастакоў, старшыня Міжнароднай гільдыі жывапісцаў Фёдар Ястраб.-0-