Іспанскія эксперты дапамогуць Полацку распрацаваць план устойлівага развіцця энергетыкі
19 студзеня, Полацк /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Іспанскія эксперты дапамогуць Полацку распрацаваць план устойлівага развіцця энергетыкі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Полацкага гарвыканкама Мікалай Ільюшонак па выніках рабочай сустрэчы экспертаў па распрацоўцы плана ўстойлівага энергетычнага развіцця Полацка.
План дазволіць Полацку рэалізаваць шэраг праектаў у галіне энергазберажэння, якія дапамогуць выканаць параметры, вызначаныя праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на перыяд да 2015 года. Пералік праектаў будзе вызначаны пасля энергетычнага аўдыту будынкаў і збудаванняў. Як чакаецца, у яго правядзенні возьмуць удзел беларускія і іспанскія спецыялісты, у прыватнасці, гаворка ідзе аб вядомай еўрапейскай кампаніі "Біянет".
Сустрэча экспертаў праходзіць у рамках міжнароднай стартавай канферэнцыі праекта Еўрапейскага саюза "SURE: Устойлівае развіццё энергетыкі ў гарадах рэгіёна Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства - на шляху да "Пакта мэраў", якая завяршае сёння сваю працу ў Полацку.
Праект рэалізуецца па праграме ЕС "CIUDAD: Супрацоўніцтва і дыялог у сферы гарадскога развіцця" і аб'ядноўвае шэсць партнёраў з пяці краін: Германіі, Іспаніі, Беларусі, Марока і Францыі.
Праект SURE разлічаны на два з паловай гады, яго бюджэт складае каля 620 тыс. еўра. Вядучым партнёрам праекта выступае нямецкі горад Фрыдрыхсхафен - пабрацім Полацка. Новая ініцыятыва заклікана спрыяць устойліваму энергетычнаму развіццю двух гарадоў - Полацка і Сале (Марока) шляхам іх далучэння да Пакта мэраў. Гарады, якія ўступаюць у Пакт мэраў, бяруць на сябе абавязацельствы па рэалізацыі стратэгіі ЕС, вядомай як "20-20-20". Мэта гэтай стратэгіі - дасягнуць значных паляпшэнняў у сферы ўстойлівага энергетычнага развіцця да 2020 года: скараціць выкіды вуглякіслага газу на 20%, павялічыць долю выкарыстання альтэрнатыўных крыніц энергіі да 20% і павысіць энергаэфектыўнасць на 20%. Пад тэкстам Пакта мэраў паставілі подпісы кіраўнікі 2181 горада Еўропы і краін - суседзяў ЕС. Плануецца, што горад Полацк стане першым беларускім удзельнікам гэтага пагаднення.
У канферэнцыі прымаюць удзел прадстаўнікі рэгіянальных і мясцовых органаў улады Беларусі, Марока, Германіі і Іспаніі, міністэрствы і ведамствы, дэлегацыя Еўрапейскай камісіі ў Беларусі, а таксама ўстановы, арганізацыі і эксперты, якія працуюць у сферы энергетыкі.-0-