Выканаўцы з Магілёва і Жодзіна сталі ўладальнікамі Гран-пры конкурсу эстраднай песні ў Смаленскай вобласці
27 ліпеня, Масква /Эдуард Півавар - БЕЛТА/. Адразу тры пачаткоўцы сталі ўладальнікамі Гран-пры Х Міжрэгіянальнага конкурсу маладых выканаўцаў эстраднай песні, які ў мінулыя выхадныя прайшоў у мястэчку Вяліж Смаленскай вобласці Расіі. Прычым двое з іх - беларусы: гэта саліст Магілёўскай філармоніі Аляксей Чорны і Яўген Літвінковіч з Жодзіна, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аргкамітэце конкурсу. Перамогу яны падзялілі са студэнткай Смаленскага гуманітарнага ўніверсітэта Марыяй Жураўлёвай.
Сярод вакальных ансамбляў лепшымі таксама прызнаны прадстаўнікі Беларусі - вакальная група народнай студыі эстраднай песні "Крэатыў" з Оршы.
У конкурсе прымалі ўдзел 42 салісты ва ўзросце да 30 гадоў і 6 вакальных ансамбляў са Смаленскай, Пскоўскай, Ленінградскай, Калінінградскай і Амурскай абласцей Расіі, а таксама з Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Конкурснае журы ўзначальваў арт-дырэктар маскоўскага Інстытута сучаснага мастацтва заслужаны артыст Расіі Андрэй Білль.-0-