Даследаванні беларускіх і расійскіх навукоўцаў дазволяць атрымліваць нанаматэрыялы з палепшанымі ўласцівасцямі
14 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Сумесныя даследаванні вучоных Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі (ІТА) і Інстытута праблем звышпластычнасці металаў РАН дазволяць стварыць навуковую аснову для атрымання нанаматэрыялаў з палепшанымі ўласцівасцямі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік дырэктара ІТА па навуковай і інавацыйнай рабоце Юрый Царэнка.
Даследаванне прысвечана вывучэнню працэсаў аб'ёмнага нанаструктуравання матэрыялаў, падвергнутых ультрагукавой апрацоўцы, і ў канчатковым выніку звязана з вырашэннем адной з актуальных задач, якія стаяць перад вучонымі-матэрыялазнаўцамі. Гаворка ідзе аб павелічэнні рэсурсу работы канструкцыйных матэрыялаў, якія працуюць у жорсткіх умовах эксплуатацыі. Адным з перспектыўных рашэнняў гэтай праблемы разглядаецца магчымасць відазмянення структуры матэрыялу пад рознага роду знешнімі ўздзеяннямі.
Сумесныя работы былі пачаты вучонымі беларускага і расійскага інстытутаў у 2009 годзе. У выніку была ўстаноўлена прынцыповая магчымасць выкарыстання ультрагукавых уздзеянняў для мадыфікацыі мікраструктуры і ўласцівасцей нанаматэрыялаў, вывучаны працэсы, якія адбываюцца ў матэрыяле пры ультрагукавой апрацоўцы. Цяпер вучоныя засяродзілі намаганні на вывучэнні механізмаў змянення структуры нанаматэрыялаў і вызначэнні аптымальных рэжымаў іх ультрагукавой апрацоўкі, што дазволіць дасягнуць у нанаматэрыялах найбольш высокай тэрмастабільнасці і пластычнасці ў спалучэнні з высокай трываласцю. Вынікі сумеснх фундаментальных даследаванняў павінны закласці навуковую аснову для атрымання новых матэрыялаў з павышанымі канструкцыйнымі і функцыянальнымі ўласцівасцямі. Акрамя таго, у ходзе сумеснх даследаванняў вучоныя абмяняюцца вопытам работы па стварэнні новых матэрыялаў і метадаў іх апрацоўкі, што будзе спрыяць развіццю матэрыялазнаўчых тэхналогій і іх выкарыстанню ў Беларусі і Расіі, адзначыў Юрый Царэнка.
Даследаванні праводзяцца ў рамках сумеснага гранта Беларускага і Расійскага фондаў фундаментальных даследаванняў пад кіраўніцтвам доктара тэхнічных навук Васіля Рубаніка з беларускага боку і доктара фізіка-матэматычных навук Рафіка Мулюкова з расійскага.
Інстытут тэхнічнай акустыкі заснаваны ў Віцебску ў 1975 годзе. Адным з асноўных напрамкаў навуковай дзейнасці інстытута з'яўляецца даследаванне ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (ультрагуку, лазера, плазмы магнітнага поля) на кандэнсаваныя асяроддзі. У галіне даследаванняў па ультрагукавой апрацоўцы металаў і сплаваў ІТА з'яўляецца адным з вядучых навуковых цэнтраў СНД. Вучоныя інстытута распрацоўваюць метады і высокаэнергетычныя тэхналогіі атрымання матэрыялаў функцыянальнага і спецыяльнага прызначэння. -0-