Дасьледчыкі з Беларусі, Расіі і ЗША возьмуць удзел у Шагалаўскіх чытаннях у Віцебску

XXVI Шагалаўскія чытанні, прысвечаныя 130-годдзю з дня нараджэння мастака, пройдуць 10-11 чэрвеня ў Віцебску, паведамілі ў Музеі Марка Шагала.

У сёлетняй навуковай канферэнцыі заяўлена ўдзел 12 даследчыкаў з Беларусі, Расіі, ЗША. Даклады, прадстаўленыя на чытаннях, прысвечаны біяграфіі і творчай спадчыне Марка Шагала, жыццю і творчасці вядомых сучаснікаў мастака. Напрыклад, будуць закрануты тэмы рэвалюцыі, пойдзе размова аб дзіцячых кнігах з малюнкамі Шагала, а таксама аб праслаўленым мастаку і тэатральнай прасторы. Першы дзень чытанняў завершыць творчая праграма "Я да вас травой прарасту..." (прысвячэнне Марку Шагалу), падрыхтаваная Тэатрам дакумента Ганны Сулімы Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Праграма ўключае ў сябе дзве часткі. Першая - сцэнічная фантазія, натхнёная працамі майстра. Другая частка дакументальная, заснаваная на ўспамінах і паэзіі. Шагалаўскія чытанні праводзяцца ў Віцебску штогод з 1991 года.

Першая канферэнцыя была ўсесаюзнай, а з 1992-га чытанні сталі міжнароднымі. За гэтыя гады ў чытаннях прынялі ўдзел дзясяткі даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, ЗША, Ізраіля, Германіі, Латвіі і іншых краін. Большасць матэрыялаў чытанняў апублікавана ў выпусках "Шагалаўскага зборніка" (іх было чатыры) і "Бюлетэні Музея Марка Шагала".

Алена Ціханава - БЕЛТА.