Дасьледчыкі з пяці краін абмяркуюць эфектыўнасць сістэм аховы гісторыка-культурнай спадчыны ў Віцебску

23 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Даследчыкі з пяці краін абмяркуюць мадэлі існуючых сістэм аховы гісторыка-культурнай спадчыны на навукова-практычнай канферэнцыі "Досвед захавання гісторыка-культурнай спадчыны і трансгранічнае супрацоўніцтва ў сферы культурнага турызму" ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце ім. П.Машэрава, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў ВНУ. У цэнтры ўвагі вучоных і спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы і Германіі будуць праблемы эфектыўнасці дзеючых сістэм аховы гісторыка-культурнай спадчыны, выбар далейшага лёсу архітэктурных помнікаў - кансервацыя або рэканструкцыя, так званы навадзел, абмеркаванне перспектыў развіцця культурнага турызму і ўзмацненне ў гэтым працэсе ролі музеяў. Упершыню пленарнае пасяджэнне навуковага мерапрыемства будзе праводзіцца ў форме панэльнай дыскусіі, на якой у якасці экспертаў выступяць вядомыя спецыялісты Беларусі і блізкага замежжа. Ганаровымі гасцямі канферэнцыі стануць акадэмік НАН Беларусі Аляксандр Каваленя і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. На форуме адбудзецца прэзентацыя кнігі вядомага віцебскага краязнаўцы Мікалая Півавара "Музеі Віцебска". Выданне змяшчае звесткі аб больш чым 100 музеях горада і не мае аналагаў у краіне. Канферэнцыя пройдзе 24-25 кастрычніка пры інфармацыйнай падтрымцы Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятывы.-0-