Дасьледчыя цэнтры і лабараторыя кантролю якасці лекавых сродкаў з'явяцца ў Віцебску
Цэнтры даклінічных, біяэлектрычных і клінічных даследаванняў, а таксама сучасная навукова-даследчая лабараторыя кантролю якасці імунабіялагічных лекавых сродкаў будуць створаны ў 2016 годзе на базе Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта (ВДМУ). Пра гэта распавёў Міхаіл Півавар, выканаўчы дырэктар першага медыка-фармацэўтычнага кластара Беларусі - Саюз "Медыцына і фармацэўтыка - інавацыйныя праекты".
Ён адзначыў, што кластар створаны з мэтай максімальнага збліжэння навукі і вытворчасці для таго, каб самыя апошнія, актуальныя распрацоўкі фармацэўтаў як мага хутчэй укараняліся ў вытворчасць.
"На шляху рэалізацыі гэтай мэты на базе медыцынскага ўніверсітэта плануем стварыць даследчыя цэнтры, якія дазволяць нашым прадпрыемствам праводзіць выпрабаванні на месцы і максімальна хутка ствараць зусім новыя лекі, а не прайграваць так званыя джэнерыкі", - падзяліўся планамі Міхаіл Півавар. Гаворачы пра тэрміны запуску цэнтраў, выканаўчы дырэктар адзначыў, што гэта канец наступнага года. "Інвестыцыйная праграма створана, у яе закладзена каля 1 млн еўра фінансавання для набыцця новага абсталявання, і да канца наступнага года мы ўжо рэальна можам запускаць гэтыя цэнтры разам з падрыхтаванымі спецыялістамі", - сказаў суразмоўца і дадаў, што плануецца прыцягваць сродкі інавацыйных фондаў. Міхаіл Півавар таксама распавёў пра ўжо наяўныя дасягненні прадпрыемстваў - удзельнікаў кластара.
"Да прыкладу, "Рубікон" ужо стварыў два новыя прэпараты, адзін з якіх з'явіцца на рынку ў самы бліжэйшы час. Кампанія "Націвіта", якая плануе запусціць магутнасці ў 2016 годзе, ужо сфарміравала партфель з абсалютна новых прэпаратаў, якія не маюць аналагаў у свеце. І наша задача зараз якраз паскорыць іх распрацоўку, у чым і дапамогуць ствараемыя цэнтры, якія дазволяць правесці ўсе неабходныя даследаванні ў Віцебску ў максімальна сціснутыя тэрміны", - падкрэсліў Міхаіл Півавар. Суразмоўца растлумачыў, што створаны ў Віцебскай вобласці кластар - гэта ў першую чаргу камунікацыйная платформа, на якой могуць сабрацца вытворцы, навуковыя і адукацыйныя ўстановы, розныя маркетынгавыя кампаніі для таго, каб выпрацаваць агульную стратэгію дзеянняў на шляху развіцця фармацэўтыкі рэгіёна.
"У межах гэтай платформы мы спрабуем вызначыць, што найбольш важна для нашых прадпрыемстваў для таго, каб развіваць іх кампетэнцыі, пашыраць магчымасці, ствараць новыя лекавыя сродкі, з якімі потым можна было б выходзіць не толькі на айчынны рынак, але і на рынкі іншых краін", - рэзюмаваў Міхаіл Півавар. У склад кластера зараз уваходзяць каля 10 кампаній - гэта і такія вытворцы, як ПАА "Рубікон", ААТ "Белвітуніфарм", ТААА "Націвіта", ТААА "Аканітфарма", ТААА "МедэлкомБел", а таксама БДМУ, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу" і сэрвісныя арганізацыі ТАА "ВітВар", ТАА "Фарммаркетынг груп" і інш.
Алена Ціханава, БЕЛТА.