Гісторыя мужнасці: Уладзімір Макулькін і яго ўклад у ліквідацыю Чарнобыльскай аварыі

Для 22-гадовага хлопца было жутка ехаць па вялікім пустым паселку, які пакінулі людзі. 38 гадоў таму адбылася аварыя на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, у выніку якой забруджанай цэзіем-137 аказалася амаль чвэрць Беларусі. Сярод людзей, якія сутыкнуліся з нябачным ворагам, – ветэран органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Макулькін. На працягу трох тыдняў ён ліквідаваў наступствы катастрофы на ЧАЭС у Брагінскім раёне Гомельскай вобласці.

Да 1986 года Уладзімір Макулькін ужо некалькі гадоў адпрацаваў пажарным у СПЧ № 1 Оршы і нядаўна стаў камандзірам аддзялення.

– Ёсць такая фраза: «Партыя сказала: «Трэба!» – камсамол адказаў: «Ёсць!». Так было і на службе, сказалі выконваць пэўную задачу, мы так і рабілі, – кажа суразмоўца. – Праз крыху больш за месяц пасля аварыі я трапіў у склад першага атрада ад Віцебскай вобласці, які адправіўся ў Брагінскі раён тушыць пажары. Прыбылі туды ў звычайнай форме, на сваіх машынах, праўда, потым пакінулі там усю тэхніку. Маштабы трагедыі тады ніхто не ўяўляў.

Дагэтуль частка населеных пунктаў Брагінскага раёна знаходзіцца ў зоне адчужэння, так называюць тэрыторыю вакол Чарнобыльскай АЭС, якая знаходзіцца ў радыусе 30 км. А тады, нават у тых вёсках, дзе сёння жывуць людзі, нікога не было. Бегалі толькі сабакі і куры, кінутыя гаспадарамі, якім давялося хутка эвакуявацца.

– Мы жылі ў самым Брагіне, але кожны дзень выязджалі ў забруджаныя зоны. Спачатку некалькі дзён тушылі тарфяныя пажары, потым гэтыя месцы закрывалі, і туды мы больш не вярталіся. Астатні час апрацоўвалі спецыяльным растворам дарогі, дрэвы, дамы і жылыя пабудовы, – узгадвае Уладзімір Макулькін. – Вядома, разумелі, што ўсё не проста так, але мы былі маладыя, нічога нас не палохала, здавалася, усё па плячы. У нас не было дазіметраў, але мы бачылі, як прылада зашкальвае, калі іншыя ліквідатары здымалі пласты грунту з зямлі. Думаю, нам пашанцавала, бо там мы прабылі тры тыдні, і ўжо 19 чэрвеня нам на змену прыехаў новы атрад.

Вярнуўшыся дадому, Уладзімір Макулькін адразу заступіў на змену. Праз нейкі час стаў дыспетчарам цэнтра аператыўнага кіравання. І 15 гадоў першым даведваўся пра надзвычайныя сітуацыі, якія адбыліся ў родным рэгіёне.

– Часам здаецца, што я ўжо столькі пабачыў у жыцці, што здзівіць складана. Але, прымаючы званкі, увесь час перажываеш за людзей, калег, – дзеліцца былы ліквідатар. – Заўсёды пракручваеш у галаве кожную сітуацыю, наколькі хутка ты змог паведаміць пра выклік, ці паспелі ратавальнікі патушыць пажар. Здзіўляе бестурботнасць людзей, якія пакідаюць без нагляду сваіх дзяцей, а тыя пачынаюць гуляць са спічкамі і ладзяць пажары.

Уладзімір Макулькін прапрацаваў у МНС больш за 25 гадоў і выйшаў на пенсію. Сёння ён актыўна прымае ўдзел у мерапрыемствах Аршанскай раённай арганізацыі Беларускай грамадскай арганізацыі ветэранаў органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях «Выратавальнік», наведвае экскурсіі, распавядае цяперашняму пакаленню пра свой працоўны шлях.

"ВІЦЕБСКІЯ ВЕСТКІ"