Гісторыя Віцебшчыны ў песні і танцы паўстане ў канцэрце творчых калектываў вобласці ў Мінску
26 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Слаўная і гераічная гісторыя Віцебшчыны ад Ефрасінні Полацкай і да нашых дзён паўстане ў канцэрце калектываў мастацкай самадзейнасці, прысвечаным 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У Палацы Рэспублікі ў Мінску 27 мая лепшыя ансамблі і выканаўцы рэгіёна выступяць у праграме "Віцебшчына - калыска маёй Беларусі", расказала карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская.
Аднак першымі гледачоў канцэрту сустрэнуць майстры народных рамёстваў. Ганчары, ткачы, майстры па пляценні з лазы прадэманструюць свае творы. А ўдзельнікі клубаў нацыянальнай кухні абяцаюць пачаставаць гасцей паазерскімі прысмакамі.
З галоўнай сцэны краіны будуць гучаць аўтэнтычныя песні, класічныя мелодыі, сучасныя матывы і, вядома, любімыя не адным пакаленнем песні пра Вялікую Айчынную вайну. Танцавальныя калектывы парадуюць аматараў харэаграфічнага мастацтва такімі ж разнапланавымі нумарамі. У праграме канцэрту заяўлены вядомыя далёка за межамі Віцебшчыны калектывы. Сярод іх народны аркестр беларускіх народных інструментаў Віцебскага музычнага вучылішча ім. І.Салерцінскага, заслужаныя аматарскія калектывы Рэспублікі Беларусь харэаграфічны ансамбль "Зорка", ансамбль танца "Лявоніха", ансамбль класічнага танца "Піруэт", актаэт балалаек "Віцебскія віртуозы". Аднак прысутнасць вопытных калектываў нічым не збянтэжыць няхай і не такіх вядомых, але не менш таленавітых выканаўцаў з глыбінкі, запэўніла Ларыса Аленская. Артысты з Лёзненскага, Гарадоцкага, Дубровенскага, Лепельскага, Глыбоцкага, Расонскага, Пастаўскага, Шумілінскага, Сенненскага раёнаў падоряць гледачам сустрэчу з непасрэднай народнай песняй і іскрыстым танцам.
Паўночны край дэлегаваў у сталіцу больш за 40 калектываў, звыш тысячы артыстаў. Самаму малодшаму ўдзельніку канцэрту толькі споўнілася 4 гады, затое пра пачэсны ўзрост 82-гадовай выканаўцы аўтэнтычных песень сведчыць толькі яе пашпарт.
Праграма канцэрту падрыхтавана рэжысёрска-пастановачнай групай цэнтра культуры "Віцебск".-0-