ИТ-акадэмія адкрыецца ў Наваполацку

2 верасня, Мінск /Вольга Беляўская - БЕЛТА/. ІТ-акадэмія адкрыецца 4 верасня ў Наваполацку, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій. Гарадская ІТ-акадэмія прадаставіць магчымасці дадатковай адукацыі дарослым, навучыць асновам праграмавання школьнікаў 3-11-х класаў, навучыць выкарыстоўваць перадавыя тэхналогіі ў вучэбна-выхаваўчай і кіраўніцкай дзейнасці. Тут адкрыюцца факультатывы па інфармацыйных тэхналогіях і інфаастранамічны цэнтр. Акрамя таго, на базе акадэміі будзе арганізавана дыстанцыйная адукацыя. Матэрыяльна-тэхнічная база ІТ-акадэміі створана дзякуючы спонсарскай дапамозе сямі кампаній-рэзідэнтаў ПВТ: "Сістэмныя тэхналогіі", "ЭПАМ Сістэмз", "Навучсофт", "САМСОЛЮШНС", "Ітранзішэн", "Марка" і "СофтТэк Дэвэлопмент". Дзейнасць ПВТ па папулярызацыі ІТ-адукацыі пачалася з адкрыцця камп'ютарных класаў, першы з якіх запрацаваў у Мар'інай Горцы ў верасні 2008 года, другі - у сакавіку 2009 года ў Клімавічах. У снежні 2009 года Орша стала першым горадам у Беларусі, дзе Парк высокіх тэхналогій рэалізаваў праект па стварэнні рэсурснага цэнтра інфармацыйных тэхналогій у цэлым для горада, а не асобнай навучальнай установы. "Унікальнасць Наваполацкай ІТ-акадэміі ў тым, што ўпершыню ў Беларусі адкрыецца навукова-адукацыйная творчая акадэмія для навучэнцаў, настаўнікаў і бацькоў у маштабах цэлага горада", - падкрэслілі ў адміністрацыі ПВТ.-0-