ІТА НАН Беларусі выступіў заснавальнікам міжнароднага аб'яднання з удзелам фізікаў Расіі і Кітая
14 чэрвеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Навукоўцы Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі выступілі аднымі з заснавальнікаў Міжнароднай асацыяцыі апрацоўкі матэрыялаў знешнімі палямі, якая ствараецца з удзелам вядучых вучоных-фізікаў Расіі і Кітая. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў дырэктар віцебскага інстытута Васіль Рубанік, які абраны віцэ-прэзідэнтам асацыяцыі.
У ліку заснавальнікаў міжнароднай асацыяцыі прадстаўнікі больш як 10 вышэйшых навучальных устаноў і навукова-даследчых цэнтраў трох краін. Асноўнай мэтай міжнароднага аб'яднання з'яўляецца кансалідацыя дзейнасці і творчага патэнцыялу вучоных для вырашэння актуальных задач у галіне вывучэння знешняга энергетычнага ўздзеяння на металы, сплавы і іншыя матэрыялы. Першае ўстаноўчае пасяджэнне асацыяцыі адбылося ў рамках III міжнароднай канферэнцыі «Фундаментальныя і прыкладныя аспекты ўплыву знешніх палёў на матэрыялы», якая прайшла ў канцы мая ў горадзе Шэньчжэнь (Кітай). Прэзідэнтам асацыяцыі абраны прафесар Г.Танг з Інстытута перспектыўных матэрыялаў універсітэта Цынхуа (Шэньчжэнь).
Сёння пытанне паляпшэння структуры матэрыялаў, іх функцыянальных уласцівасцей набыло асаблівую актуальнасць у сувязі з узрастаючымі патрабаваннямі да іх, што ў сваю чаргу выклікана павелічэннем нагрузкі, напрыклад, на металы, якія выкарыстоўваюцца ў самалётабудаванні. Гэтыя задачы дазваляюць вырашаць сучасныя тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў з выкарыстаннем знешняга энергетычнага ўздзеяння, растлумачыў Васіль Рубанік.
Так, вучоныя ІТА спецыялізуюцца на вывучэнні ўздзеяння ультрагукавых ваганняў на металы, што дазваляе не толькі паляпшаць іх уласцівасці, але і выходзіць на распрацоўку новых матэрыялаў. Да энергетычных метадаў таксама адносяцца ўздзеянне электрычным токам, магнітным полем, электронна-прамянёвая апрацоўка матэрыялаў, інтэнсіўная пластычная дэфармацыя і шэраг іншых. Вучоныя і даследчыкі, якія сталі членамі асацыяцыі, маюць не толькі багаты вопыт і традыцыі ў распрацоўцы гэтага напрамку даследаванняў, але і навуковыя адкрыцці, прызнаныя і ўзятыя на ўзбраенне спецыялістамі ва ўсім свеце, адзначыў Васіль Рубанік.
Супрацоўніцтва даследчыкаў трох краін у фармаце міжнароднай асацыяцыі дазволіць рэалізоўваць сумесныя праекты, каардынаваць напрамкі навуковых даследаванняў па актуальных праблемах знешняга энергетычнага ўздзеяння на матэрыялы. Акрамя таго, удзельнікі асацыяцыі маюць намер ажыццяўляць абмен дасягненнямі, спрыяць укараненню сучасных тэхналогій апрацоўкі матэрыялаў. У межах асацыяцыі плануецца арганізаваць акадэмічны абмен спецыялістамі і маладымі вучонымі. Штаб-кватэра асацыяцыі размесціцца ў Віцебску на базе Інстытута тэхнічнай акустыкі НАН Беларусі. Такое рашэнне члены аб'яднання прынялі з улікам заслуг беларускай навуковай школы, адзначыў Васіль Рубанік.
Інстытут тэхнічнай акустыкі заснаваны ў Віцебску ў 1975 годзе. Сёння інстытут з'яўляецца вядучай навуковай арганізацыяй Беларусі ў галіне пластычнасці і апрацоўкі металаў пры ўздзеянні на іх магутных ультрагукавых ваганняў. Асноўным напрамкам навуковай дзейнасці інстытута з'яўляецца вывучэнне фізікі ўздзеяння канцэнтраваных патокаў энергіі (ультрагуку, лазернага, іонна-плазменнага выпраменьванняў) на кандэнсаваныя асяроддзі. Вучоныя інстытута распрацоўваюць метады і высокаэнергетычныя тэхналогіі атрымання матэрыялаў функцыянальнага і спецыяльнага прызначэння.-0-