Італьянскія бізнесмены зацікавіліся інвестыцыйным патэнцыялам Чашніцкага раёна
24 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Італьянскія бізнесмены зацікавіліся інвестыцыйным патэнцыялам Чашніцкага раёна, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела ідэалагічнай работы Чашніцкага райвыканкама Таццяна Пчолкіна.
У складзе прадстаўнічай дэлегацыі, якая наведала Чашніцкі раён, былі старшыня Італьянскай асацыяцыі лагістыкі Даменіка Нетці, кіраўнікі буйных кампаній па вытворчасці касметычнай прадукцыі і прадметаў асабістай гігіены, ветраахоўнага абсталявання, лагістычных фірмаў. Госці наведалі Лукомльскую ДРЭС, буйныя прамысловыя і харчовыя прадпрыемствы раёна, правялі сустрэчы з прадстаўнікамі мясцовых прадпрыемстваў і арганізацый.
Знаёмства з дзейнасцю і прадукцыяй чашніцкіх прадпрыемстваў выклікала ў італьянскіх бізнесменаў самы станоўчы водгук і жаданне супрацоўнічаць, адзначыла Таццяна Пчолкіна. Так, патэнцыйныя інвестары выказалі гатоўнасць спрыяць прасоўванню прадукцыі Навалукомльскага малочнага завода на італьянскі рынак пасля дапрацоўкі яе ўпакоўкі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. У якасці лагістычнай пляцоўкі для прасоўвання беларускіх і італьянскіх тавараў на еўрапейскі рынак іх зацікавіла Чашніцкая міжраённая гандлёвая база. Шырока разглядаліся магчымасці стварэння сумеснай вытворчасці па перапрацоўцы рыбы, будаўніцтва аздараўленчых комплексаў і ўцягвання ў абарот невыкарыстоўваных плошчаў чашніцкіх арганізацый.
У цяперашні час з італьянскімі інвестарамі абмяркоўваюцца дэталі і перспектывы рэалізацыі гэтых праектаў, дадала Таццяна Пчолкіна.-0-