Вынікі II Форуму рэгіёнаў Беларусі і Украіны пракаментаваў старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў

Вялікі рэзананс атрымаў II Форум рэгіёнаў, які прайшоў у Жытоміры. Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Украіны Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Зяленскага надала яму асаблівы імпульс. Не толькі палітычны: з усіх экранаў, інтэрнэт-сайтаў і старонак газет агучваўся салідны памер падпісаных кантрактаў — 540 мільёнаў долараў. Дастойны вынік, які пацвярджае не толькі эканамічныя маштабы, але і звяртае ўвагу на адзін вельмі важны фактар: адносіны паміж двума народамі мацнеюць.

Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў:

— Форум рэгіёнаў Беларусі і Украіны стаў добрым фундаментам для актывізацыі і рэалізацыі супольных праектаў у розных сегментах эканомікі і гуманітарнай сферы. Ініцыятывы Віцебшчыны, якія былі агучаны на пляцоўцы, закраналі эфектыўнае выкарыстанне прамысловага, аграрнага, турыстычнага патэнцыялу, нарошчванне экспарту, узмацненне ўзаемадзеяння навукі і бізнесу. У прыватнасці, нам цікава супрацоўніцтва ў вытворчай кааперацыі, адкрыцці зборачных вытворчасцей, удзеле ў рэгіянальных праграмах, пастаўках на ўмовах лізінгу.

Добрыя асновы для аднаўлення супрацоўніцтва ў прадпрыемстваў фармацэўтычнай галіны. У Віцебску створаны першы ў рэспубліцы міжнародны фармацэўтычны кластар, вядзецца будаўніцтва завода па выпуску лекавых прэпаратаў поўнага цыклу, праект адкрыты для ўдзелу зацікаўленых кампаній Украіны, бо тут закупляецца частка сыравіны. У сферы машынабудавання мы прапануем на ўкраінскі рынак тэлескапічныя пад'ёмнікі, сілавы і аптычны кабелі, экскаватарную і траншэйную тэхніку, станцыі водаачысткі ўсіх катэгорый складанасці. Віцебскім маслаэкстракцыйным заводам адноўлены закупкі ў Жытомірскай і Валынскай абласцях насення сланечніку. З улікам паэтапнага будаўніцтва новых малочна-таварных ферм і свінагадоўчых комплексаў вобласць арыентавана на прыцягненне інвестыцый у вытворчасць бялковай сыравіны. У сваю чаргу ва Украіне запатрабавана высакаякасная насенная бульба, якая вырабляецца на пасяўных плошчах Талачынскага кансервавага завода.

Адным з крокаў па ўмацаванні партнёрства з украінскай

й станой стала падпісанне ў межах Форуму пагадненняў аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве з адміністрацыямі Адэскай, Вініцкай і Чаркаскай абласцей. Вядома, важна напоўніць дадзеныя пагадненні канкрэтнымі справамі. Разлічваем, што рэалізацыя намечаных планаў надасць новы імпульс двухбаковым адносінам.


"Сяльская газета".