Вынікі трэцяга працоўнага семестра Віцебскай вобласці падвялі ў Наваполацку

Вынікі трэцяга працоўнага семестра Віцебскай вобласці падвялі ў Наваполацку. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўзнагародзілі пераможцаў студатрадаўскага руху.

— Абкам БРСМ дзякуе абласному і гарадскому выканаўчым камітэтам, а таксама адміністрацыям Віцебска і райвыканкамам, установам адукацыі вобласці за пастаянную ўвагу, дапамогу і падтрымку ў такой нялёгкай, але патрэбнай справе — арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў, — адзначыў першы сакратар абкама БРСМ Уладзімір Бабічаў. — Асобныя словы падзякі наймальнікам і кіраўнікам арганізацый. Прымаць атрады няпроста, клопатна і адказна. Але, паверце, моладзь апраўдае ўсе надзеі, і свае першыя працоўныя навыкі будзе прымяняць на карысць нашага грамадства і дзяржавы.

Важна. Студатрадаўскі рух БРСМ — адзін з галоўных напрамкаў дзейнасці арганізацыі. Па выніках працоўнага семестра на Віцебшчыне было працаўладкавана звыш 5 тыс. чалавек. Хлопцы працавалі ў складзе будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных, сэрвісных, медыцынскіх і вытворчых студэнцкіх атрадаў. Юнакі і дзяўчаты Віцебшчыны былі задзейнічаны на Усебеларускай моладзевай будоўлі "Горад маладосці-2021", у моладзевым вытворчым працоўным праекце "Атлант-2021", на Усерасійскай моладзевай будоўлі "Кузбас 300", у рэспубліканскім сельскагаспадарчым працоўным праекце "Талачын", на ўзвядзенні сацыяльна значных аб'ектаў вобласці і інш.

Падчас урачыстай цырымоніі падвядзення вынікаў абласнога конкурсу "Працоўны семестр-2021" былі названы імёны пераможцаў па выніках працы. Так, Ганаровай граматай аблвыканкама за эфектыўную арганізацыю дзейнасці студэнцкіх атрадаў і развіццё студатрадаўскага руху Віцебшчыны былі ўзнагароджаны Вадзім Ложэчнік – камандзір будаўнічага атрада "Эўрыка" імя Героя Савецкага Саюза Віктара Еранько, а таксама Барыс Марозаў – камандзір будаўнічага атрада «Рытм» імя Героя Савецкага Саюза Пятра Купрыянава. Падзякі старшыні аблвыканкама за эфектыўную арганізацыю дзейнасці студэнцкіх атрадаў і развіццё студатрадаўскага руху Віцебскай вобласці ўдастоены Уладзіслаў Канахоў – камандзір будаўнічага атрада "Зодчие" імя лідара камсамольскага руху, першабудаўніка горада Наваполацка Пятра Блохіна.

Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама за адказныя і добрасумленныя адносіны да працы, аказанне медыцынскай дапамогі пацыентам з COVID-19 узнагароджаны студэнцкі круглагадовы атрад "Медык" імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобывай-Марчанка.

У намінацыі «Лепшы наймальнік» (суб'ект гаспадарання, які прымае студэнцкі атрад) адзначаны сельскагаспадарчы філіял «Вясна-Энэрга» РУП "Віцебскэнерга", Полацкі дзяржаўны прафесійны ліцэй сельскай вытворчасці, філіял "Цеплічны" РУП "Віцебскэнерга",

РУПТП "Аршанскі льнокамбінат", ААТ "Навасёлкі-Лучай".

Пасля ўрачыстага мерапрыемства хлопцы наведалі розныя інтэрактыўныя лакацыі, сфатаграфаваліся на памяць у тэматычных фотазонах, збіралі на хуткасць спілс-карты Беларусі. Байцы медыцынскіх студатрадаў кожнаму ахвотнаму вымяралі ціск і ўзровень кіслароду ў крыві, удзельнікі сельгасатрадаў паказалі майстар-клас у зборы ўраджаю. Таксама ў гэты дзень прайшлі адукацыйныя інтэнсівы, трэнінг па камісарскай дзейнасці, "Караоке-батл" і іншыя займальныя і карысныя мерапрыемствы.

"Віцебскія весці"