Вынікі ўступнай кампаніі: якія спецыяльнасці апынуліся найбольш запатрабаваныя ў ВНУ Віцебшчыны
Месцы заняты
У галоўным упраўленні па адукацыі аблвыканкама паведамілі, што ва ўсіх ВНУ вобласці кантрольныя лічбы прыёму абітурыентаў на бюджэтныя месцы выкананы, а гэта значыць, што сёлета дадатковых набораў на іх не было.
Відавочна, што ў Міністэрстве адукацыі змаглі знайсці залатую сярэдзіну: баланс паміж жадаючымі стаць студэнтамі і месцамі ў навучальных установах. Да таго ж ва ўсіх прыёмных камісіях адзначаюць, што ў абітурыентаў на 10-20 пунктаў выраслі балы ў сертыфікатах ЦТ.
Гэта невыпадкова, бо новая сістэма іх падліку больш лаяльная. У Віцебскім рэгіянальным цэнтры тэсціравання кажуць, што сёлета зусім нямногія паступаючыя не змаглі набраць мінімальныя прохадныя балы (10-20) для допуску да паступлення. Зрэшты, калі для адных гэта плюс, то для іншых – мінус. Маніторынг паказаў, што сёлета без 220-250 балаў у скарбонцы прэтэндаваць на бюджэт па большасці спецыяльнасцей было бессэнсоўна.
Што ў трэндзе?
Традыцыйна б'е рэкорды па прохадных балах Віцебскі медыцынскі дзяржаўны ўніверсітэт. Сёлета тут аднавіўся набор на бюджэтныя месцы (20 месцаў) па спецыяльнасці «Стаматалогія», што таксама дадало ажыятажу. Усяго сёлета ў ВНУ набралі 610 першакурснікаў, 255 будуць вучыцца платна. Асаблівасць прыёмнай кампаніі ў ВДМУ – наяўнасць асобнага конкурсу для абітурыентаў па мэтавых накіраваннях ад медустаноў: яны займаюць каля паловы ўсіх бюджэтных месцаў. Але пасля заканчэння вучобы ім давядзецца адпрацоўваць не два гады абавязковага размеркавання, а пяць. Зрэшты, нават сярод мэтавікоў канкурэнцыя была сур'ёзнай: у залежнасці ад рэгіёна прохадныя балы, напрыклад, на спецыяльнасць «Фармацыя» вагаліся ад 322 да 351.
Паводле інфармацыі адказнага сакратара прыёмнай камісіі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава Алены Віцько, сёлета першакурснікамі сталі амаль 1200 чалавек, прыкладна палова з якіх будуць навучацца за кошт дзяржбюджэту.
Традыцыйна вялікія прохадныя балы (345) на спецыяльнасці «Міжнароднае права» (тры бюджэтныя месцы) і «Правазнаўства» (331, тры месцы). Шмат жадаючых вывучаць англійскую мову ў межах раманска-германскай філалогіі (322, 18 месцаў). У той жа час, каб навучацца на настаўніка беларускай мовы і літаратуры, дастаткова было набраць 210 балаў, музыкі, рытмікі і харэаграфіі – 225, геаграфіі – 224.
У Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны студэнтамі-бюджэтнікамі сталі 485 чалавек і яшчэ 95 будуць вучыцца платна. Усе яны вочнікі, бо на завочнае аддзяленне тут набіраюць з 15 лістапада па 5 снежня. Па словах адказнага сакратара прыёмнай камісіі Аляксандра Салаўёва, праблем з наборам няма, у тым ліку і дзякуючы таму, што ва ўсе сельгасвузы краіны залічэнне адбываецца па выніках толькі двух сертыфікатаў ЦТ – па біялогіі і хіміі. У топе папулярнасці тут традыцыйна «Ветэрынарная санітарыя і экспертыза», дзе было толькі 5 бюджэтных месцаў, тры з якіх дасталіся мэтавікам. Прохадны бал на астатнія месцы дасягнуў 237 балаў, а конкурс 6,5 чалавека. У цэлым у прыёмнай камісіі адзначаюць, што сёлета на ўсе спецыяльнасці быў конкурс больш за 2 чалавекі на месца, выраслі і прохадныя балы.
Студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта сталі 699 чалавек, 366 з якіх будуць вучыцца платна. Пры гэтым пазабюджэтных месцаў у ВНУ стала больш – за кошт 11 дадатковых па спецыяльнасці «Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі ў праектаванні і вытворчасці» (прохадны бал 285). Амаль усе «платныя» тут занятыя (за выключэннем некалькіх – на скарочаны тэрмін навучання).
– У меншай ступені папулярныя вытворчыя спецыяльнасці, але на іх традыцыйна і больш вакантных месцаў, – адзначае адказны сакратар прыёмнай камісіі Усевалад Сюбараў. – Бо яны ўваходзяць у пералік, запатрабаваных эканомікай, выпускнікі атрымліваюць пры размеркаванні працоўныя месцы.
У Полацкім дзяржуніверсітэце на дзённае аддзяленне набралі амаль 1200 студэнтаў, 663 з якіх – платнікі. З-за малой колькасці бюджэтных месцаў вялікі конкурс на спецыяльнасці «Правазнаўства», «Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва» і некаторыя іншыя. У прыёмнай камісіі адзначаюць, што ў апошнія гады ўсё менш абітурыентаў імкнуцца паступаць на чыста эканамічныя спецыяльнасці. У трэндзе – сучасныя «Электронны маркетынг», «Сацыяльныя камунікацыі», «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій».
У Віцебскі філіял міжнароднага ўніверсітэта «МИТСО» залічана 180 чалавек, 90 з іх – вочнікі. Па словах дырэктара філіяла Аляксандра Дзядзінкіна, нягледзячы на платнае навучанне для ўсіх, конкурс больш чым 2 чалавекі на месца быў на ўсе спецыяльнасці. Напрыклад, каб вочна вучыцца на «Правазнаўстве», трэба было набраць не менш за 189 балаў, «Лагістыцы» – 192.
Колькі каштуе
Вышэйшая адукацыя – нятаннае задавальненне. За апошнія два гады кошт навучання ў ВНУ Віцебскай вобласці вырас на 20-30%, а на некаторыя спецыяльнасці – нават больш. Дарэчы, пацвярджаюць гэта і ў Нацбанку: кошт паслуг вышэйшай адукацыі ў чэрвені 2019 года быў у сярэднім на 15,1% вышэйшы, чым год таму.
Навучальныя ўстановы тлумачаць гэта тым, што трэба павышаць заробкі выкладчыкам, аплачваць камандзіроўкі, ды і на рамонт і камунальныя паслугі неабходна марнавацца ўсё больш.
На Віцебшчыне самае дарагое навучанне ў ВДМУ, самае эканомнае – у ВГАВМ.