Вынікі XVI рэспубліканскага конкурсу «Энергамарафон» падвялі ў Віцебску

Итоги XVI республиканского конкурса «Энергомарафон» подвели в Витебске
У гэты раз заключны этап «Энергамарафону» праходзіць у горадзе, у якім у свой час і зарадзіўся гэты рух, падкрэсліў намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, які прыняў удзел у мерапрыемстве. 

Віцебшчына славіцца сваімі духоўнымі, культурнымі і асветніцкімі традыцыямі. У паўночным рэгіёне нямала індустрыяльных гігантаў, як «Нафтан», «Полацкшкловалакно», «Белвест» і інш., таму пытанням экалогіі надаецца асаблівая ўвага. І выдатна, што ў гэтым удзельнічаюць не толькі дарослыя, але і школьнікі, якія прапануюць крэатыўныя ідэі па энерга- і рэсурсазберажэнні. Дзякуючы падтрымцы Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржкамітэта па стандартызацыі Беларусі і абласнога ўпраўлення па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў рух выйшаў на рэспубліканскі ўзровень і з кожным годам шырыцца, падкрэсліў Вячаслаў Дурноў.

Па выніках адборачных рэгіянальных этапаў конкурсу ў фінал прайшлі даследаванні 128 удзельнікаў, нямала сярод іх прадстаўнікоў паўночнага рэгіёну. Узяць хоць бы СШ № 12 Віцебска, дзе па энерга- і рэсурсазберажэнні разгорнута маштабная праца, у якую ўключыліся як самыя маленькія дзеці, так старэйшакласнікі і педагогі. Дзіцяча-дарослая ініцыятыва, якая транслюе інавацыйныя ідэі энергазберажэння, дзейнічае ў школе 10 гадоў. Створаны сайт «Прыдзвінская акадэмія энергазберажэння» – школьная мадэль дзеяння, якая з'яўляецца ўніверсальнай структурай для эфектыўнай арганізацыі адукацыйнага працэсу па фарміраванні кампетэнцый у галіне энерга- і рэсурсазберажэння.

Учора пасля ўскладання кветак да Вечнага агню мемарыяльнага комплексу на плошчы Перамогі, удзельнікі «Энергамарафону» наведалі СШ №12 Віцебска, якая мае статус «зялёнай». Для іх былі прадэманстраваны адукацыйныя пляцоўкі «Энергавартавы», «Энергастарт», «Энергастыль», створаныя пры падтрымцы прадпрыемстваў «Віцебскаблгаз» і «Віцебскэнерга». Школьнікі з задавальненнем распавядалі пра новаўвядзенні разумнай школы, дзе ўкаранёны святлодыёдныя свяцільні для вонкавага асвятлення, якія рэагуюць на святло, ажыццяўляецца кантроль за станам мікраклімату, аптымізавана спажыванне гарачага і халоднага водазабеспячэння, ацяплення. Па папярэдніх дадзеных, гэта дазволіць эканоміць да 20 % усёй энергіі, якая выкарыстоўваецца школай.

Хлопцы штодня манітораць у рэальным часе сітуацыю і збіраюць дадзеныя для навукова-даследчых работ, што спрыяе фарміраванню ў іх дбайнага падыходу да рэсурсаў.

Вялікая праца праводзіцца і ў віцебскай гімназіі № 7, дзе за апошнія тры гады сістэматызаваны вопыт па энергазберажэнні як падчас пазакласных, так і навучальных заняткаў. Мэта школьнага праекта EnerG-7 – імкненне да ўстойлівага развіцця па рэсурсазберажэнні.

На выставе ў Цэнтры культуры «Віцебск», дзе праходзіла цырымонія ўшанавання пераможцаў, можна было азнаёміцца з крэатыўнымі распрацоўкамі рабят з іншых рэгіёнаў Беларусі. «Энергазберагальная прысядзібная гаспадарка» была прадстаўлена Грыцкевіцкай СШ Нясвіжскага раёна. Сутнасць праекта – выпрацоўка ўласнай энергіі з выкарыстаннем сонечных батарэй і біягазу. Моцнае ўражанне на членаў журы зрабілі не толькі віцебскія, але і гомельскія «вундэркінды», падкрэсліў старшыня Дзяржкамітэта па стандартызацыі Валянцін Татарыцкі. Так што складаная задача стаяла перад суддзямі, каб ацаніць па вартасці тыя ці іншыя распрацоўкі. Галоўнае – генерацыя ідэй, многія з якіх потым укараняюцца ў жыццё. Актыўная залучанасць рабят у працэс эканоміі выяўляецца рознымі шляхамі – праз творчасць у выглядзе малюнкаў і плакатаў, мастацкую самадзейнасць, іншыя формы. І ва ўсім гэтым праяўляецца неабыякавасць, клопат аб навакольным асяроддзі і любоў да радзімы.

Дарэчы, у асноўнай намінацыі прадстаўнікі Віцебшчыны занялі трэцяе месца.

"Віцебскія весці"