IV Міжнародны фестываль «ФотаКрок» імя С. Юркоўскага праходзіць у Віцебску
IV Міжнародны фестываль фатаграфіі «ФотаКрок» у Віцебску – гэта каля 300 аўтараў з 15 краін свету, 180-годдзе фатаграфіі, унікальныя, цудам захаваныя працы з архіва беларускага фатографа пачатку XX стагоддзя, лекцыі і майстар-класы ад знакамітых майстроў фотамастацтва.
Асноўная тэма форуму – «Дзень сённяшні», менавіта сучаснасці прысвечаны аўтарскія работы фатографаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Ізраіля, некаторых краін Азіі і Заходняй Еўропы, ЗША. З амаль 1500 дасланых на асноўны конкурс здымкаў журы адабрала крыху больш за 120. Яны – своеасаблівыя сведкі актуальнай сучаснасці. Конкурсную экспазіцыю можна ўбачыць у выставачнай зале арт-цэнтра па вул. Талстога, 7.
Нягледзячы на тое, што ў 2019-м фатаграфіі спаўняецца ўсяго 180 гадоў, гэтаму
віду мастацтва ёсць чым пахваліцца: ад працаёмкіх спосабаў здымкі і друку чалавецтва дайшло да лічбавага фота, якое можна рабіць за секунду адным націскам кнопкі. Пры гэтым пашырыліся і межы выкарыстання фатаграфій: цяпер яны не толькі служаць у якасці гістарычных візуальных дакументаў, на якіх захаваны людзі і падзеі цэлых эпох, але і нясуць каштоўную інфармацыю аб геаграфічных месцах, навуковых дасягненнях чалавецтва. Акрамя таго, фота смела ўліваецца ў розныя жанры іншых відаў мастацтва.
У межах фестывалю будуць праходзіць цікавыя выставы. Адну з іх прадстаўляе унікальныя працы беларускага фатографа Савы Сівко з Любчанскага краю (Гродзенская вобласць), на якіх захаваны жыццё сялян Заходняй Беларусі 1920 – 1950 гадоў. Гэтыя класічныя фатаграфіі былі знойдзены ў напаўразбураным доме, і некаторы час аўтара не маглі ідэнтыфікаваць. Шкляныя негатывы цудам захаваліся, і поўная калекцыя ўражвае сваёй колькасцю – больш за 1020, многія працы знаходзяцца ў замежных галерэях. У Віцебску прадставяць 170 здымкаў, надрукаваных з арыгінальных негатываў, фотатэхніку майстра, прадметы побыту той эпохі. Экспазіцыя размешчана ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі.
Упершыню на фестывалі ў галерэі «Сцяна» арганізавана аўтарская выстаўка замежнага майстра – італьянскага фотарэпартарыста Паола Ладамады, прывезеная з афрыканскага кантынента. На здымках можна ўбачыць вясковых жыхароў Камеруна, Танзаніі, Руанды. Акрамя таго, адбудзецца дэбют віцебскага фатографа Ільі Церанцьева, які здымае выключна на плёнку і друкуе працы на срэбна-жэлацінавай паперы з прымяненнем хімічнай пасляапрацоўкі.
Фотафестываль працягнецца да 30 чэрвеня.
АЛЕСЯ ПУШНЯКОВА, Фота Антона Сцепанішчава, «Віцебскія весці».