Іван Фёдараў зацверджаны на пасадзе старшыні Лёзненскага райвыканкама
Дэпутаты аднагалосна прагаласавалі за кандыдатуру Івана Фёдарава. Урачыста ўручаючы яму службовае пасведчанне, старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін абазначыў ключавыя задачы, якія сёння павінны стаяць перад кіраўнікамі раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама выказаў надзею, што прызначаны кіраўнік Лёзненскага райвыканкама справіцца з іх вырашэннем.
– Лёзна – гэта ўязныя вароты ў Беларусь з боку Расійскай Федэрацыі, у прыватнасці для гасцей з Масквы і бліжэйшых гарадоў краіны-суседкі, – адзначыў кіраўнік вобласці. – Па Лёзне замежныя грамадзяне фарміруюць уяўленне аб нашай вобласці і краіне ў цэлым, таму важна не толькі захаваць чысціню, утульнасць і прыгажосць гэтага краю, але і прымножыць яго багацці, развіваючы прамысловасць, сельскую гаспадарку, медыцыну і іншыя важныя для дзяржавы сферы.
У рабоце сесіі прынялі ўдзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў, памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч, а таксама члены і кіраўнікі структурных падраздзяленняў Лёзненскага райвыканкама, старшыні сельскіх Саветаў дэпутатаў, кіраўнікі арганізацый і прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў.
У завяршэнні мерапрыемства кіраўнік вобласці ўручыў Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама папярэдняму старшыні Лёзненскага райвыканкама – Сяргею Земчёнку.
Даведка «ВВ»
Іван Іванавіч Фёдараў нарадзіўся ў 1976 годзе ў вёсцы Несцерава Мсціслаўскага раёна Магілёўскай вобласці. Скончыўшы ў 1999 годзе Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію, пачаў працоўную дзейнасць на пасадзе галоўнага агранома калгаса імя XX з'езда КПСС Талачынскага раёна Віцебскай вобласці. Пасля праходжання вайсковай службы ў шэрагах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь працаваў загадчыкам сектара па пытаннях ЖКГ Аршанскага райвыканкама. З 2002 па 2010 гады працаваў на розных пасадах у арганізацыях аграпрамысловага комплексу Магілёўскай і Віцебскай абласцей.
У 2010 годзе быў прызначаны на пасаду намесніка старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама, у гэты ж перыяд быў накіраваны на перападрыхтоўку ў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2016 годзе Іван Фёдараў узначаліў камітэт па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама.
З 2018 года па чэрвень 2022 года займаў пасаду намесніка гендырэктара па сельскай гаспадарцы дзяржаўнага аб'яднання «Віцебскі канцэрн «Мяса-малочныя прадукты».