З чаго складаецца заробак спецыялістаў-жывёлаводаў Аршанскага раёна пасля ўвядзення новай схемы аплаты працы

У красавіку мінулага года Віцебскі аблвыканкам выдаў распараджэнне №109, якое прадугледжвае новую схему аплаты працы спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, начальнікаў сельгасвучасткаў і брыгадзіраў жывёлагадоўчых брыгад, звязаўшы яе з канчатковым вынікам. Наколькі эфектыўна сёння працуе гэтая схема на Віцебшчыне і каму канкрэтна і колькі яна прынесла даходаў у асабісты кашалёк? 

Філіял селекцыйна-гібрыднага цэнтра «Задняпроўскі» ААТ «Аршанскі КХП» — самы вялікі па плошчы ў раёне, займае трэцюю яго частку, і па колькасці — у працоўным калектыве 1080 чалавек. Дырэктар Ігар Васіленка дае кароткую характарыстыку: 8 малочна-таварных ферм, на якіх утрымліваецца 1561 карова, два комплексы па вырошчванні буйной рагатай жывёлы агульнай колькасцю 5960 галоў, плюс 49516 галоў свіней. Малако атрымліваюць у асноўным сортам экстра, таварнасць — 90 працэнтаў. 

– Асноўны напрамак дзейнасці — жывёлагадоўля, — кажа Ігар Аркадзьевіч. — Раслінаводства на другім плане, больш для таго, каб накарміць жывёлу. Займаемся селекцыяй беларускіх парод свіней. Асноўная праблема — недахоп кваліфікаваных кадраў. Турбуе і слабы, на жаль, узровень падрыхтоўкі тых, хто прыходзіць да нас пасля студэнцкай лавы. На мой погляд, прычына ў тым, што ў сельгаспры​ста​наў​лен​ні часта ідуць абсалютна нематываваныя маладыя людзі, падаючы дакументы па астаткавым прынцыпе. Не ўзялі на нафтавіка — пайду на агранома або заатэхніка. Але гэта дрэнная тэндэнцыя. Сапраўдных сельгас работнікаў сёння лічаныя адзінкі, хоць мы ўсё робім для таго, каб утрымаць моладзь на вёсцы. У вёсцы трэба не проста жыць, а шмат працаваць. Шкада, некаторыя не разумеюць, што карова, як і чалавек, можа захварэць ноччу ці ў нядзелю. Значыць, ветэрынару трэба прыйсці і дапамагчы, не лічачы асабісты час. Або затрымацца на некалькі гадзін на ферме ў канцы працоўнага дня, таму што патрабуецца дапамога маленькім цялятам. 

Для прыцягнення маладых людзей у вёску ў «Задняпроўскага», па словах яго кіраўніка, ёсць галоўныя бонусы — годныя ўмовыпрацы, добрая зарплата і службовае жыллё. Цяпер у жывёлагадоўчай галіне з буйной рагатай жывёлай працуюць 4 аператары па штучным апладненні, па 7 заатэхнікаў і ветурачоў, 12 загадчыкаў фермамі і брыгадзіраў. Сярод іх 8 маладых спецыялістаў, двое знаходзяцца ў дэкрэтным адпачынку. Але гаспадарцы трэба яшчэ як мінімум 5 ветурачоў, праграмісты на рабатызаваную ферму, заатэхнікі…

З ГАЛОЎНЫМ эканамістам-начальнікам вытворча-эканамічнага аддзела Ірынай Дыўляш маніторым зарплаты спецыялістаў ферм і комплексаў буйной рагатай жывёлы са студзеня па верасень 2019-га. На пачатку года ў заатэхніка яна была больш за тысячу, да верасня павялічылася амаль на 200 рублёў. Ветурач у студзені атрымліваў каля 700 рублёў, за жнівень у разлічніку стала больш на сотню. На 150 рублёў яна вышэй і ў тэхніка-апладніцеля, а ў выніку — тысяча з некалькімі сотнямі. Ірына Францаўна запэўнівае: пры зацікаўленасці ў канчатковым выніку і павелічэнні паказчыкаў, улічваючы ўсе надбаўкі, можна зарабіць і больш за дзве тысячы рублёў. У сярэднім за перыяд дзеяння новай схемы зарплата спецыялістаў вырасла на 110—120 працэнтаў.

Памер тарыфнага акладу вызначаецца памерам месячнай мінімальнай зарплаты (330 рублёў). Прывяду прыклад разліку аплаты працы спецыялістаў заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, начальнікаў сельгасучасткаў і брыгадзіраў па трох катэгорыях: сярэдні ўзровень кваліфікацыі, вышэйшы ўзровень і кіраўнікі структурных падраздзяленняў. Тарыфны аклад — 305, 366 і 427 рублёў, адпаведна. У выніковым радку максімальнага тарыфнага акладу за складанасць і спецыфіку працы вымалёўваюцца сумы значна вышэй — 763, 915 і 1068 рублёў. Максімальная даплата за стаж працы — 153, 183 і 214 рублёў. Прэмія па выніках працы за год — 4578, 5490 і 6408 рублёў у кожнай катэгорыі. Калі сказаць прасцей, то зарплату папаўняюць бесперапынны стаж працы ў галіне, надбаўка за складанасць і напружанасць, прырост сярэднясутачных прываг і рост аб'ёмаў рэалізацыі малака да ўзроўню мінулага года. Апладніцелям за кожнае атрыманае цяля даплачваюць па 10 рублёў. Па выніках працы за год за адну галаву цяляці пры ўмове выхаду іх звыш 85 працэнтаў — 11 рублёў. Але калі салідным рублём заахвочваюць за выдатную працу, то гэтак жа ідепрэміруюць за зніжэнне ўдзельнай вагі малака сортам экстра і ўзроўню прыплоду, павелічэнне падкорму, наяўнасць спагнанняў і заўваг. Адпаведна, сума да выдачы штомесяц можа вар'іравацца. Затое дадалося працы і самім эканамістам. Перад налічэннем яны аналізуюць паказчыкі кожнага спецыяліста асобна.

Універсальны дойны робат «Астронавт А4».


Па словах начальніка аддзела эканамічнага рэгулявання ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Вольгі Карэшкавай, і ў ААТ «Задров'е» новаўвядзенне дазволіла значна павялічыць вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі ў 2019 годзе. Як вынік, годная заработная плата. 

— Вядома, ёсць яшчэ да чаго імкнуцца, і мы, і спецыялісты арганізацый гэта разумеем, — кажа Вольга Уладзіміраўна. — Матывацыя працы адыгрывае вырашальную ролю ў атрыманні жаданых вынікаў. Таму, думаю, усё ў нас атрымаецца.

МНЕ было цікава вось яшчэ што. Каб павялічыць аб'ёмы вытворчасці на МТФ, ад якіх і павінны пайсці ўверх зарплаты спецыялістаў, трэба ўзмацніць кантроль за радавымі работнікамі. У рэшце рэшт, гэтыя людзі адказваюць за выкананне тэхрэгламенту. Значыць, ім трэба больш удзяляць увагі каровам і цялятам, добра іх накарміць, пільней сачыць за здароўем, часцей і старанней чысціць «дзіцячы сад». Цікавіла, як да новаўвядзення аднесліся самі аператары машыннага даення? Бо павышэнне матэрыяльнага статусу іх пакуль не закранула, а вось халтурыць і адлыньваць ужо не атрымаецца. Вядома, калі самі спецыялісты, якія стаяць над імі, зацікаўлены атрымаць больш. Мяне папярэдзілі, у даярак зарплата здзельная, на розных фермах атрымліваюць па-рознаму. У сярэднім па гаспадарцы 657 рублёў.

Адказ на пытанне я пачула і ад кіраўніка гаспадаркі, і на МТК «Браздетчына». Але напачатку ўдакладненне: кароў на гэтым комплексе дояць робаты-маніпулятары. Пры такой камп'ютарызаванай «начынцы» колькасць работнікаў невялікая. 

Мехатронік МТК «Браздетчына» Андрэй ШАРАЙ.


Назіраючы за размовай з мехатронікам (аператарам аўтаматызаваных даільных установак) Андрэем Шараем, я збоку заўважыў, як некаторыя каровы спрабавалі некалькі разоў прарвацца да кармушкі-прынады за камбікормам. Яны ўжо атрымлівалі яго, пакуль ішоў працэс даення. Таму сканер камп'ютара паказвае: гэтая буранка ўжо аддала сваё малако, і па другі раз не пройдзе. Тут робату-камп'ютару, праўда, патрэбна дапамога чалавека. На ферме 6 робатаў і 6 мехатронікаў, а пагалоўе больш за тысячу. Працуюць у асноўным мужчыны, суткі праз двое. Шмат маладых хлопцаў і сярод пастухоў. У дзвюх групах Андрэя 326 кароў, ад адной за дзень атрымлівае па 29—30 кілаграмаў малака:

— Я мясцовы, і мама была калісьці даяркай. На комплексе працаваў гады паўтара яшчэ да службы ў арміі. Зарплата была нізкая, крыху больш за 500 рублёў, хоць і тады робаты даілі. Цяпер на рукі чыстымі выходзіць тысяча з невялікім. У нас жа таксама выпрацоўка свая, ад гэтага зарплата і налічваецца. Так, яе ўзнялі толькі спецыялістам. І што? Аператары ў прайграшы не застаюцца. Разумею, мае даходы залежаць ад малака. Калі толькі сядзець і скардзіцца, нічога не атрымаецца. 

Нельга не пагадзіцца, але кіраўніку «Задняпроўскага» не раз давялося выслухоўваць прэтэнзіі ад некаторых аператараў машыннага даення «аб несправядлівасці ў адносінах да іх». Ігар Аркадзьевіч да гэтага прывык:

— Адна даярка скардзіцца, напрыклад, «вось у сяброўкі 3 каровы, а яна атрымала 100 рублёў, а ў мяне 20, а зарплата толькі 50». Але пытанне ж у іншым, чалавек простага не разумее. Гэтая сяброўка ад трох кароў можа надоіць, як яна ад 20! Яна ж кожную жывёлу ведае, лішні раз падыдзе, паглядзіць. І ад каровы, адпаведна, атрымлівае добрую аддачу. «Прыйшоў-сышоў» ніяк не пройдзе. За гэты год заўважыў змены. У тых, хто зацікаўлены ў большай зарплаце, і вынікі іншымі сталі. Але людзі розныя, самі разумееце. Ёсць, як кажуць, «лёг — згарнуўся, устаў — стрэхнуўся». Так ім хоць па 20 тысяч плаці, працаваць не прымусіш. Але той, хто хоча працаваць, павінен і атрымліваць годна. 

Праца галоўнага ветурача па КРС «Задняпроўскага» Людмілы Скакун спецыфічная, урэшце, як і ў усіх жывёлаводаў. Каб не адрываць
чалавека ад тэрміновай «аперацыі», а яна брала ў кароў кроў на біяхімію, давялося некалькі хвілін пачакаць. Як толькі спытала пра асабісты даход, спецыяліст упэўнена адказала:

— Тысячу дзвесце ў мяне будзе дакладна, хоць працую тут нядаўна. Ведаю, зарплаты ў зацікаўленых спецыялістаў выраслі адчувальна. Паўтаруся, зацікаўленых. Так, у нашай працы свае асаблівасці. Тры гады запар навагоднюю ноч праводзіла на ферме, прымала роды, ды яшчэ з нейкімі ўскладненнямі. Сама гарадская жыхарка, у мяне нават бабуль у вёсцы не было. Калісьці ішла вучыцца на ветэрынара з упэўненасцю, што буду лячыць кошак і сабак, а ўсе парасяты падобныя на Хрушу. Цяпер да сельскагаспадарчых жывёл стаўлюся з вялікім трэпетам, чым да хатніх. Так, яны магутныя, але мы іх прыручылі, без нас яны абсалютна бездапаможныя. Каровы часта нават ацеліцца самі не могуць. Можа, і пафасна прагучыць, але ад нашай прафесіі залежыць здароўе ўсяго чалавецтва. Мы ж не можам дапусціць, каб на стол людзям трапіла мяса ці малако ад хворай каровы. 

Людміла Паўлаўна пацвярджае словы свайго кіраўніка: не ўсе работнікі гатовыя «і ў агонь, і ў ваду» нават дзеля ўласнага дабрабыту. Давялося ёй спачатку «накручваць хвасты» не каровам, а асобным падначаленым. Напрыклад, цялятніцы, якая дрэнна памыла і прадэзінфікавала домік для цялят і не падагрэла малако для малых. Нехта спрабуе супраціўляцца патрабаванням дагэтуль:

— Шмат хто бачыў панацэю ад усіх бед у вакцынацыі, і ўсе бочкі каціліся ў бок ветэрынараў. Лічылі, раз уколі вакцыну цяляці, то яго можна класці хоць у гной, з бруднымі рукамі паіць халодным малаком. Спярша было супраціўленне, цяпер паступова яно ламаецца. А калі з'яўляюцца іншыя вынікі, бачаць, што не так ужо ўсё і складана, аказваецца. На шчасце, ёсць спецыялісты, на якіх можна пакласціся. І наўрад ці яны аддаюцца працы толькі для таго, каб павысіць свой даход. На ферме «Днепр» малады вет

урач Рома Беленкоў. Шкада, што хутка ў войска пойдзе. Вось такія работнікі патрэбны сельскай гаспадарцы. Неабыякавы чалавек не саромеецца пытацца, нічога не ўтойвае, калі раптам западозрыў нешта неладкае з жывёламі. Такіх спецыялістаў абавязкова трэба матэрыяльна стымуляваць. Таму ўвядзенне новай схемы аплаты працы — вельмі добрая ідэя.

ДУМАЮ, разумеюць усе: бедныя сельгаспрадпрыемствы не змогуць даць сваім работнікам высокую зарплату. А асноўныя грошы ўсе гаспадаркі атрымліваюць за кошт мяса і малака. Вось і выбудоўваецца замкнёны ланцуг. І калі хаця б адно звяно выпаде… Недакарміла ці недаглядзела даярка буранку, а тая не дала малака ці захварэла. Пакінула без належнага нагляду народжанага малога — не выжыў. Вырашыў заатэхнік, што жывёлы могуць пражыць на жорсткай дыеце, а яны хварэць сталі, і зноў малако прапала. А тут і ветурач праспаў ці не захацеў лішні раз падысці і праверыць. Не спрацаваў лянівы і безадказны тэхнік па штучным апладненні — не нарадзіўся здаровы цяля альбо зусім карова стала ялавой…

Вось і гаспадарка недалічыцца саліднага рубля, тады няма чым будзе плаціць і тым, хто стараўся, але ў адзіночку не пацягнуў гэты воз, і нават тым, хто «сумленна адлыньваў» ад працы. 

Намеснік старшыні камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Віцебскага аблвыканкама Наталля БАЛІЦКАЯ:

— У вытворчасці валавай прадукцыі вобласці жывёлагадоўля займае 66 працэнтаў, у сувязі з гэтым асноўная задача распараджэння старшыні Віцебскага аблвыканкама — не толькі матэрыяльна зацікавіць работнікаў галіны жывёлагадоўлі, але і захаваць прэстыж гэтых прафесій. У цэлым 45 працэнтаў сельгаспрадпрыемстваў вобласці забяспечылі рост вытворчасці малака да ўзроўню мінулага года, 63 працэнты — забяспечылі рост прыплоду цялят да ўзроўню мінулага года. Сярэднямесячная зарплата спецыялістаў зааветслужбы за першае паўгоддзе 2019 года на ўзроўні 970 рублёў, аператараў па штучным апладненні жывёл — 1030, у параўнанні з першым паўгоддзем 2018-га яна ўзрасла на 275 рублёў.