З-за моцных дажджоў у Віцебскай вобласці прыпынена ўборка збожжавых
9 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Моцныя дажджы, што прайшлі ў Віцебскай вобласці, прывялі да прыпынення ўборкі збожжавых, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама.
Дажджы пачаліся 8 жніўня ў другой палове дня з заходніх раёнаў, а да ночы ахапілі амаль усю вобласць. У выніку тэмп уборкі знізіўся амаль у 2 разы ў параўнанні з папярэднім днём, а ўсяго за 8 жніўня аграрыям вобласці ўдалося скасіць крыху больш за 9,5 тыс.га, пры гэтым у папярэдні дзень убрана амаль 20 тыс.га. Аднавіцца ўборачная кампанія пры спрыяльных умовах надвор'я, адзначылі ў камітэце.
Па дадзеных Віцебскаблгідрамета, у другой палове дня 8 жніўня праз тэрыторыю вобласці перамяшчаўся актыўны франтальны раздзел з хвалямі. У цэлым за мінулы дзень і ноч на большай частцы рэгіёну выпала ад адной да паўтары дэкадных нормаў ападкаў (24-35 мм). Толькі ў асобных месцах (Шаркаўшчына, Езярышча Гарадоцкага раёна, Орша) колькасць ападкаў не перавышала 10-17 мм, а ўсю астатнюю тэрыторыю заліло, пры гэтым максімальная колькасць ападкаў - 35 мм - выпала ў Полацку.
У далейшым атмасферны фронт будзе перамяшчацца па поўначы Еўропы на тэрыторыю Расіі і яго ўплыў на надвор'е ў Віцебскай вобласці будзе слабець. Па прагнозах, у бліжэйшыя два дні захаваецца верагоднасць кароткачасовых дажджоў, а тэмпературны фон будзе ўмераным і складзе ў дзённы час 16-21 градус цяпла.-0-