Выбарчы працэс праходзіць па-дзелавому і дэмакратычна - назіральнік

19 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзелавая і дэмакратычная атмасфера пануе на ўчастках для галасавання ў Віцебскім раёне, расказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА назіральнік старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Беларускай аграрнай партыі Цімур Надзірашвілі. У дзень асноўнага галасавання назіральнік пабываў на некалькіх участках для галасавання ў аграгарадках Бабінавічы і Альгова. Адзначыўшы высокую актыўнасць выбаршчыкаў, Цімур Надзірашвілі канстатаваў, што ўчастковыя камісіі працуюць выразна, зладжана і не дапускаюць парушэнняў Выбарчага кодэкса. Інфармацыя аб усіх кандыдатах у прэзідэнты прадстаўлена на ўчастках, пры гэтым ніякага ціску на выбаршчыкаў не аказваецца. "Выбары праходзяць дэмакратычна, арганізавана", - падкрэсліў кіраўнік мясцовага аддзялення аграрнай партыі. У ходзе маніторынгу работы ўчастковых камісій Цімур Надзірашвілі сустрэўся з калегамі з місіі АБСЕ - грамадзянамі ЗША і Ірландыі. Паводле яго слоў, яны салідарныя з яго ацэнкай ходу выбарчага працэсу ў раёне. -0-