Выбаркамы Віцебскай вобласці ўжо зарэгістравалі 14 ініцыятыўных груп
Выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці па даных на 4 ліпеня зарэгістравалі 14 ініцыятыўных груп па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі шостага склікання. Пра гэта паведаміў намеснік старшыні абласной выбарчай камісіі Генадзь Філіпенка.
У выбарчыя камісіі Віцебскай вобласці паступіла 23 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп. Большая частка заяў ужо разгледжана на пасяджэннях 11 акруговых выбарчых камісій (усяго іх у рэгіёне 14), разгляд астатніх працягваецца. Сярод зарэгістраваных на дадзены момант ініцыятыўных груп пераважаюць падтрымліваючыя прадстаўнікоў беспартыйнага блока - 8, яшчэ па два заяўніка прадстаўляюць Аб'яднаную грамадзянскую партыю і Партыю БНФ і па адным - Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю (Грамада) і Беларускую партыю левых "Справядлівы свет". Больш за ўсё ініцыятыўных груп - чатыры - зарэгістравана ў Віцебскім-Чкалаўскім акрузе №18.
"Гэта сярэдняя актыўнасць, у цэлым вялікай колькасці ініцыятыўных груп мы і не чакаем, паколькі гэта самы складаны шлях вылучэння ў кандыдаты. Бо ў наступным групе давядзецца збіраць подпісы сярод насельніцтва, іх павінна быць сабрана не менш за 1 тыс. Значна прасцей вылучацца ад партыі або працоўнага калектыву - падаючы ў камісію пратакол пасяджэння калектыву прадпрыемства або рашэнне кіруючага органа партыі", - растлумачыў Генадзь Філіпенка. Ён растлумачыў, што пасля рэгістрацыі ініцыятыўныя групы атрымліваюць пасведчанні і пачынаюць збор подпісаў за патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты. Подпісныя лісты трэба здаць у выбаркам акругі да 1 жніўня. Пасля гэтага пачнецца іх дбайная праверка на сапраўднасць і будзе прымацца рашэнне аб рэгістрацыі кандыдата. У Віцебскай вобласці сфарміравана 14 акруговых і адна абласная тэрытарыяльная выбарчая камісія. У іх складзе працуюць 195 чалавек - гэта прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, працоўных калектываў і грамадзян.
Кацярына Князева -БЕЛТА.