Выбранне Полацка культурнай сталіцай Беларусі - знак прызнальнасці нашчадкаў - Н.Гальперовіч

20 студзеня, Мінск /Юлія Ваніна - БЕЛТА/. Выбранне Полацка культурнай сталіцай Беларусі - гэта знак прызнання такіх вялікіх людзей, як Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына і Сымон Полацкі, а таксама многіх пакаленняў палачан, якія сваёй творчасцю стварылі ў гэтым горадзе незабыўную аўру духоўнасці. Такое меркаванне выказаў у гутарцы з карэспандэнтам БЕЛТА старшыня Полацкага зямляцтва, ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны дырэктар радыёстанцыі "Беларусь" Белтэлерадыёкампаніі Навум Гальперовіч. "Полацк - гэта калыска беларускай дзяржаўнасці, навукі і культуры", - сказаў Навум Гальперовіч. Выбранне яго культурнай сталіцай - гэта прызнанне не толькі заслуг вялікіх дзеячаў мінулых стагоддзяў, але і тых, хто ствараў і тварыў у горадзе зусім нядаўна. Менавіта ў Полацку рабілі свае першыя крокі ў літаратуры Янка Журба, Петрусь Броўка, Тарас Хадкевіч, Эдуард Самуйлёнак, Алесь Савіцкі, з гэтым горадам звязаны лёс вядомага мастака Івана Хруцкага. І сёння ў Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу жывуць і працуюць многія вядомыя мастакі, паэты, пісьменнікі, вучоныя, журналісты, якія нарадзіліся, вучыліся, рабілі першыя крокі ў творчасці менавіта ў горадзе над Дзвіной. "Менавіта таму Полацкае зямляцтва прымае самы непасрэдны ўдзел у падрыхтоўцы акцыі, якая праводзіцца сёлета", - адзначыў суразмоўца. Па словах Навума Гальперовіча, 21 студзеня, у дзень адкрыцця і на працягу ўсяго 2010 года пісьменнікі, кампазітары, выканаўцы і мастакі, якія ўваходзяць у зямляцтва, будуць арганізоўваць сустрэчы ў калектывах горада, выступленні, прэзентацыі выстаў. "Яны падо́раць роднаму гораду свае работы, кнігі, аддадуць даніну сыноўняй любові сваёй малой радзіме", - падкрэсліў старшыня Полацкага зямляцтва.-0-