Выданне "Віцебшчына Алімпійская" раскажа пра вялікіх спартсменаў Прыдзвінскага краю

31 жніўня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Імёны 18 чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў - ураджэнцаў Віцебскай вобласці будуць ушанаваны ў кнізе "Віцебшчына Алімпійская", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці Віктар Бынькоў. Работа над выданнем знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Віцебскае прадстаўніцтва НАК сабрала багаты фактычны матэрыял аб знакамітых віцебскіх спартсменах, алімпійскіх чэмпіёнах і прызёрах гульняў, якім будзе прысвечана асноўная частка выдання, адзначыў Віктар Бынькоў. "Віцебшчына Алімпійская" будзе распавядаць аб развіцці алімпійскага руху ў вобласці, спартыўнай інфраструктуры ў рэгіёне, аб багатай гісторыі спартыўнага жыцця і яго сённяшнім дні. Прэзентацыю выдання плануецца правесці ў чацвёртым квартале гэтага года адначасова з адкрыццём двух аб'ектаў - Алеі алімпійскай славы і залы спартыўнай славы вобласці. Алея будзе закладзена ў абласным цэнтры на пляцоўцы каля Цэнтральнага спорткомплекса, найбуйнейшай спартыўнай установы вобласці. Яе асноўным элементам стануць 18 малых архітэктурных форм, стылізаваных пад імянныя медалі віцебскіх спартсменаў, якія сталі чэмпіёнамі і прызёрамі Алімпійскіх гульняў у розныя гады, а таксама 5 імянных лавак алімпійскіх чэмпіёнаў з Віцебскай вобласці. Пры праектаванні алеі прадугледжаны месцы для размяшчэння імянных медалёў будучых чэмпіёнаў. Зала спартыўнай славы вобласці размесціцца ў Цэнтральным спартыўным комплексе і будзе прысвечана гісторыі развіцця спорту і алімпійскага руху ў рэгіёне. Экспазіцыя будзе змяшчаць матэрыялы аб дасягненнях віцебскіх спартсменаў, якія хоць і не сталі прызёрамі алімпіяд, але ўнеслі значны ўклад у развіццё і папулярызацыю спорту. Пры наведванні залы можна будзе ў цэлым даведацца аб відах спорту, дзейнасці Нацыянальнага алімпійскага камітэта і яго абласнога прадстаўніцтва. У перспектыве па алеі і ў зале плануецца арганізоўваць экскурсіі, перш за ўсё, для дзяцей і падлеткаў.-0-