Выдавецкі праект аб лаўрэатах прэміі Саюзнай дзяржавы рэалізуюць у Год кнігі ў Беларусі

13 ліпеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Выдавецкі праект аб лаўрэатах прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва будзе рэалізаваны ў Год кнігі ў Беларусі. Аб гэтым паведаміла сёння на творчай сустрэчы з уладальнікам гэтай высокай узнагароды за 2011-2012 гады Георгіем Паплаўскім першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лідзія Ананіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Паводле яе слоў, прапанова ў Год кнігі падрыхтаваць кнігу аб нашых сучасніках-лаўрэатах прэміі нарадзілася сёння і знайшла падтрымку Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. "Дзесяць гадоў уручаецца гэтая ўзнагарода. За гэты час многія знакавыя творцы, беларусы і расіяне, сталі яе лаўрэатамі. Гэта людзі, якія сваёй творчасцю змацоўваюць Беларусь і Расію, братэрства нашых народаў", - сказала Лідзія Ананіч. Яна падкрэсліла, што ўся неабходная для рэалізацыі праекта інфармацыя ёсць, як і запатрабаванасць у гэтым праекце і неабходнасць у тым, каб на прыкладах высокай творчасці, высокага служэння народам выхоўваць маладыя пакаленні. "Мы як мага больш павінны паказваць такіх людзей, такіх асоб. Бо калі пытаюцца, хто сёння герой сучаснага часу, - вось прызнаныя героі ў мастацтве, літаратуры. Сёння мы іх ушаноўваем і хацелі б, каб і далей на іх высокай творчасці і духоўным подзвігу мацнела дружба Беларусі і Расіі", - пажадала першы намеснік міністра інфармацыі. Гаворачы аб прызнаных майстрах мастацтва мінулага стагоддзя, Лідзія Ананіч адзначыла, што вялікае бачыцца на адлегласці. "Важна, што ўжо зараз, у цяперашні час гэта вялікае бачыцца і па вартасці ацэньваецца. У Беларусі, напрыклад, гэта прэмія "За духоўнае адраджэнне", якая ўручаецца кіраўніком дзяржавы", - заключыла першы намеснік міністра. Прэмія Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва ўручаецца з 2002 года адзін раз на два гады. За гэты час яе лаўрэатамі сталі акцёры Аляксей Петрэнка, Расціслаў Янкоўскі, Аляксандр Калягін і Уладзімір Гасцюхін, драматург Аляксей Дудараў, тэатральны рэжысёр Сяргей Арцыбашаў, пісьменнікі Іван Шамякін і Станіслаў Куняеў, мастакі Міхаіл Савіцкі і Валянцін Сідараў, кампазітар Аляксандра Пахмутава і маэстра Міхаіл Фінберг, народны мастак Рэспублікі Беларусь Леанід Шчамялёў, аўтарскі калектыў у складзе народнага архітэктара Расіі Юрыя Грыгор'ева, скульптараў Беларусі Льва Гумілеўскага і Сяргея Гумілеўскага, скульптараў Расіі Юрыя Арэхава і Рыгора Арэхава, а таксама аўтарскі калектыў у складзе народных мастакоў СССР Аляксея Ткачова і Сяргея Ткачова.-0-