Выдавецкі праект "Віцебшчына алімпійская" будзе мець працяг

26 кастрычніка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Імёны 18 чэмпіёнаў і прызёраў Алімпійскіх гульняў ураджэнцаў Віцебскай вобласці ўвекавечаны ў кнізе "Віцебшчына Алімпійская", але аўтары выдання спадзяюцца папоўніць яе новымі главамі пра віцебскіх алімпійцаў. Аб гэтым сёння ў Віцебску паведаміў дырэктар прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці Віктар Бынькоў на прэзентацыі кнігі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Выдавецкі праект "Віцебшчына алімпійская" будзе мець працяг. Аўтарскі калектыў устанавіў імя яшчэ аднаго, ужо дзевятнаццатага па ліку, спартсмена родам з Віцебскай вобласці, які двойчы падымаўся на алімпійскі п'едэстал. "Наша праслаўленая гімнастка Ларыса Петрык нагадала імя цяжкаатлета, залатога і сярэбранага прызёра Алімпіяд, Віктара Куранцова, які нарадзіўся ў Сенненскім раёне", - сказаў Віктар Бынькоў. Прадстаўніцтва НАК у Віцебскай вобласці ўжо ўстанавіла кантакт з легендарным спартсменам і ў бліжэйшы час спадзяецца арганізаваць яго паездку ў Віцебск. Віктар Куранцоў нарадзіўся ў 1941 годзе, рана страціў спачатку бацьку на фронце, затым маці і выхоўваўся ў дзіцячым доме. Падчас службы ў арміі на Далёкім Усходзе на юнака звярнулі ўвагу трэнеры армейскага клуба, і ён стаў прафесійна займацца цяжкай атлетыкай. На Алімпіядзе ў 1964 годзе ў Токіа Віктар Куранцоў заваяваў сярэбраны медаль, а ўжо наступныя гульні ў Мехіко ў 1968 годзе прынеслі ў скарбонку праслаўленага спартсмена медаль вышэйшай пробы. Сёння ён пражывае ў падмаскоўным Адзінцова, з'яўляецца ганаровым грамадзянінам гэтага горада. Акрамя таго, Віктар Бынькоў спадзяецца на ўдалы зыход разгляду ў Спартыўным арбітражным судзе справы кідальніка молата Вадзіма Дзевятоўскага, які заваяваў на Алімпіядзе-2008 у Пекіне сярэбраны медаль, але дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта 11 снежня 2008 года прыняла рашэнне ануляваць яго вынік у сувязі з дадатнай допінг-пробай. "Мы свята верым, што справядлівасць пераможа, Вадзіму вернуць медаль, а яго імя зойме годнае месца ў нашай кнізе", - адзначыў ён. У працэсе працы над выданнем віцебскае прадстаўніцтва НАК адшукала ўсіх алімпійскіх чэмпіёнаў і прызёраў гульняў, сабрала багаты фактычны матэрыял пра знакамітых віцебскіх спартсменаў, якім і прысвечана асноўная частка выдання, адзначыў Віктар Бынькоў. Акрамя таго, "Віцебшчына Алімпійская" распавядае пра гісторыю Алімпійскіх гульняў, змяшчае даведачны матэрыял пра ўсе гульні сучаснасці, працу віцебскага прадстаўніцтва НАК і спартыўныя аб'екты вобласці. Гэта навукова-папулярнае выданне можа стаць добрым дапаможнікам для алімпійскай адукацыі школьнікаў і, несумненна, зацікавіць усіх аматараў спорту, якія цікавяцца яго гісторыяй і спартыўнай гісторыяй Віцебскай вобласці. Кніга "Віцебшчына Алімпійская" выдадзена тыражом 1 тыс. экзэмпляраў пры фінансавай падтрымцы аблвыканкама.-0-