Ізраільскія скульптурныя паркі Анёлаў, Гукаў і Адчуванняў цяпер можна ўбачыць і ў Віцебску

Израильские скульптурные парки Ангелов, Звуков и Ощущений теперь можно увидеть и в Витебске

У Віцебску прайшоў Дзень ізраільскай культуры. Арганізатарам мерапрыемства выступіў Ізраільскі культурны цэнтр пры Пасольстве Ізраіля ў Беларусі, які ўжо даўно супрацоўнічае з Віцебскам і рэалізуе тут нямала культурных і адукацыйных праектаў.

Праграма была насычанай і арыентаванай галоўным чынам на маладое пакаленне. «Ізраіль – свята моладзі» – так была вызначана тэма лекцыі першага сакратара пасольства Ганны Кейнан, з якой яна выступіла перад студэнтамі Віцебскага дзяржуніверсітэта ім. П. Машэрава. У цэнтральнай гарадской бібліятэцы ім. М. Горкага была прадстаўлена выстава ізраільскай літаратуры і прайшлі літаратурныя чытанні, прысвечаныя пісьменніку Меіру Шалеву, якога крытыкі называюць ізраільскім Маркесам.

А ў Арт-цэнтры Марка Шагала адкрылася фотавыстава скульптур Руслана Сяргеева «Дызайн ландшафтных настрояў». Руслан – адзін з вядучых скульптараў Ізраіля. Нарадзіўся і жыў у Мінску, а ў 1996 годзе адкрыў у Іерусаліме студыю дызайну ландшафтнай скульптуры, дамогся вялікага прызнання. Сёння больш за 80 буйнамаштабных работ Руслана Сяргеева ўпрыгожваюць вуліцы, музеі, галерэі і прыватныя калекцыі Расіі, ЗША, Англіі і Германіі. У Ізраілі ён стварыў 6 тэматычных скульльптурных паркаў: Гукаў, Адчуванняў, Навукі, Анёлаў і інш., і засяліў іх незвычайнымі жывёламі, якія выконваюць функцыі атракцыёнаў, горак, спартыўных снарадаў. Скульптуры ў парку Анёлаў спраектаваны для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Бетон, метал, мазаіка, шкло служаць матэрыялам для аўтарскай фантазіі. Мастак упісвае свае скульптуры ў гарадскі пейзаж, прыўнося ў урбаністычныя палотны рамантычныя фарбы. Па прызнанні Руслана Сяргеева, яго натхніў Антоніа Гаўдзі, стваральнік архітэктурнага ансамбля парку Гуэль у Барселоне і іншых твораў, якія ўвайшлі ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Аднойчы ўбачаная праца вялікага іспанца – бетонны кракадзіл, пакрыты керамічнай каляровай пліткай, – заваявала ізраільскага скульптара і вызначыла напрамак яго творчасці.

На выставе ў Віцебску прадстаўлены фотаздымкі і макеты скульптур, на свае вочы іх можна ўбачыць у гарадах Ізраіля, якія яшчэ больш хочацца наведаць пасля завочнага знаёмства з культурай гэтай найстаражытнейшай зямлі.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"