Вывучэннем уласьцівасьцяў фераікаў займаецца міжнародная каманда вучоных, у склад якой уваходзяць і віцебскія спэцыялісты

У межах праграмы Еўрасаюза па падтрымцы навукі і інавацый «Гарызонт-2020» вучоныя з шасці краін — Партугаліі, Германіі, Літвы, Вялікабрытаніі, Украіны і Беларусі — займаюцца рэалізацыяй праекта TUMOCS.

Беларускі бок прадстаўляюць даследчыкі Інстытута цвёрдага цела і паўправаднікоў і Інстытута тэхнічнай акустыкі Нацыянальнай акадэміі навук, які нядаўна арганізаваў у Віцебску міжнародны семінар «Метастабільныя перовскітавыя мультыфераікі».

— Мультыфераікі — асаблівы клас матэрыялаў, перш за ўсё керамічных, вывучэнне іх спецыфічных асаблівасцей і далейшая распрацоўка патрабуюць кансалідацыі спецыялістаў, доступу да практычных навыкаў вучоных і да перадавога абсталявання Еўропы. TUMOCS ужо год выконвае гэтыя задачы, — растлумачыў дырэктар Інстытута тэхнічнай акустыкі, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук Васіль Рубанік. — Пры атрыманні добрых вынікаў ёсць перспектыва выкарыстоўваць новыя матэрыялы ў прамысловасці. Для нас важна, што праект стаў пляцоўкай для стажыровак і маладых, і масцітых вучоных. Толькі ў 2016 годзе ў вядомым універсітэце горада Авейра (Партугалія) працавалі па праекце пяць віцебскіх даследчыкаў — аспіранты, кандыдаты навук, прафесары. У мінулым годзе адбыліся паездкі ў Віцебскі ўніверсітэт, у перспектыве — стажыроўкі ў Германіі і Англіі. Такі абмен дазваляе сумесна з замежнымі калегамі плённа працаваць над рознымі тэмамі і не толькі па дадзеным праекце, а таксама публікавацца ў рэйтынгавых сусветных навуковых выданнях.

Падчас рабочай сустрэчы ініцыятар і каардынатар праекта, запрошаны даследчык з Універсітэта Авейра Андрэй Салак (дарэчы, наш зямляк, калісьці дацэнт і намеснік дэкана фізфака ВДУ), распавёў, што Авейра — буйны цэнтр, які вырабляе кераміку, і ўніверсітэт стаў актыўна займацца рознымі фізічнымі ўласцівасцямі гэтага матэрыялу. Галоўнымі мэтамі праекта сталі спалучэнне двух напрамкаў — акадэмічнай навукі і прыкладной, абмены інавацыямі і персаналам — рэалізацыя праграмы мабільнасці RISE (Даследчы і інавацыйны абмен кадрамі), прычым гэтаму служыць асноўная частка бюджэту TUMOCS.

— У навуцы адбываюцца паўторныя адкрыцці, напрыклад, у 1970-я гады ў СССР былі адкрыты рэчывы, якія спалучаюць палярныя і магнітныя ўласцівасці. З нядаўняга часу такія матэрыялы разглядаюцца ў больш шырокім фізічным сэнсе і называюцца мультыфераікамі (ад ferrum — жалеза, хоць у гэтых матэрыялах жалеза, як элемент, можа і не прысутнічаць — праўл.аўт.). Ідэя праекта TUMOCS у тым, каб на аснове нядаўніх публікацый, распрацовак правесці новыя даследаванні сіламі некалькіх каманд, дамагчыся большага эфекту ў выкарыстанні матэрыялаў, — распавёў Андрэй Мікалаевіч. — Створаны матэрыял можа быць універсальным сенсарам, датчыкам, здольным пры невялікім спажыванні энергіі ўлоўліваць найменшыя змены магнітнага поля, ціску, тэмпературныя ваганні. Напрыклад, мультыфераікі такім чынам можна прымяняць у аэрапортах, каб кантроль быў надзейней, прасцей і абыходзіўся танней. Прыдатныя яны і ў іншых галінах. Свет можа быць бяспечней. І мы рабілі такі акцэнт, калі стваралі праект.

Па словах прафесара Віленскага ўніверсітэта Юраса Баніса, даследаванні літоўскіх вучоных, якія праводзяцца ў рамках гэтага еўрапейскага праекта, могуць быць выкарыстаны ў электроніцы, мабільнай сувязі, у медыцыне і іншых сферах, дзе патрабуюцца матэрыялы з уласцівасцямі, якія залежаць ад частаты.

— Калектыў віцебскіх вучоных цікавы навуковай супольнасці распрацоўкамі ў галіне ультрагукавых тэхналогій, якія дазваляюць актываваць новыя ўласцівасці ў тым ліку і ў даследаваным матэрыяле, — удакладніў Васіль Рубанік і адзначыў: — У Віцебску ўдзельнікі праекта падвялі вынікі першага года, абмяняліся інфармацыяй па даследаваннях і планамі на будучыню. TUMOCS прадастаўляе магчымасць міждысцыплінарным навуковым групам працягваць працу яшчэ на працягу трох гадоў.

Наталля КРУПІЦА, «Віцьбічы».