Вядомы беларускі брэнд «Mark Formelle» адкрыў цэх па пашыве бялізны і адзення ў Ліёзна

Известный белорусский бренд «Mark Formelle» открыл цех по пошиву белья и одежды в Лиозно
Вядомая беларуская кампанія «Mark Formelle» 15 ліпеня адкрыла вытворчасць бялізны і адзення з трыкатажу і фірмовую краму ў Лёзне.

Гэта стала яшчэ адным крокам у развіцці эканомікі раёна. На ўрачыстым адкрыцці адзінаццатай па ліку вытворчай пляцоўкі «Mark Formelle» старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў падкрэсліў, што стварэнне сучасных вытворчасцей у рэгіёнах адыгрывае найважнейшую ролю ў стратэгіі і палітыцы кіраўніцтва вобласці. Гэта эфектыўны сродак папоўніць бюджэт, а галоўнае – зацікавіць моладзь, каб заставалася на сваёй малой радзіме, не з'язджала ў пошуках шчасця ў вялікія гарады.

Кіраўнік вобласці выказаў надзею, што дадзены вытворчы праект – не апошні ў гарпасёлку і раёне, заклікаў інвестараў смелей укладацца ў эканоміку Віцебшчыны і паабяцаў ім усялякую падтрымку.

Кіраўнікі кампаніі Андрэй Серыкаў і Святлана Сіпарова ў прысутнасці грамадскасці і вялікай колькасці пакупнікоў выказалі ўдзячнасць кіраўніцтву Лёзненшчыны за падтрымку і разуменне ў ажыццяўленні праекта.

У рэкордна кароткі час пад вытворчасць цалкам мадэрнізаваны будынак былога магазіна «СтройДом», устаноўлена найноўшае абсталяванне, добраўпарадкавана прылеглы тэрыторыя. Плошча вытворчасці – 930 кв. м, у тым ліку магазіна – 150.

Для вывучэння пакупніцкага попыту тут у тэставым рэжыме прадавалі трыкатаж ужо з 5 ліпеня. Плануемая колькасць супрацоўнікаў філіяла – звыш 100 чалавек. З'яўленне новых працоўных месцаў мае вялікае значэнне для Лёзненшчыны. Калі справа пойдзе, іх колькасць напэўна павялічыцца.

Таксама ў гэты дзень кіраўніцтва вобласці наведала будаўніцтва другой чаргі Лёзненскага культурна-аздараўленчага цэнтра.

Галіна Шпакоўская. Фота Дзмітрыя ВОСІПАВА. "Віцебскія весці".