Я гатовы быць лобістам ад спорту ў парламенце і прасоўваць прапановы калег - Вадзім Дзявятоўскі

Я готов быть лоббистом от спорта в парламенте и продвигать предложения коллег - Вадим Девятовский

Нікому не трэба тлумачыць, што сучасны спорт - гэта не толькі трэніроўкі і спаборніцтвы. Трансферы гульцоў, міжнародныя разбіральніцтва наконт выкарыстання допінгу, штрафы за лішнюю вагу і многае іншае - усё гэта таксама атрыбуты спартыўнага жыцця, і яны павінны быць улічаны ў заканадаўстве.
 
У Беларусі ёсць закон "Аб фізічнай культуры і спорце", але Палата прадстаўнікоў плануе 17 красавіка прыняць у першым чытанні новы законапраект. Пра гэты дакумент і ў цэлым пра тое, чаго не хапае беларускаму спорту на ўзроўні законаў, карэспандэнту БЕЛТА распавёў вядомы спартсмен, а з нядаўніх часоў і дэпутат - намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Вадзім Дзевятоўскі.
 
- Навошта ў Беларусі будзе прымацца новы закон аб спорце? Чым не задавольвае ўжо існуючы?
 
- Цяперашні закон быў прыняты яшчэ ў 1993 годзе. У 2003-м прымалася яго новая рэдакцыя, потым уносіліся некаторыя змены, але ўсё роўна патрэбны новы дакумент. На двары ўжо 2013 год, і жыццё паказала, што ўзнікаюць новыя праблемы, якія патрабуюць рашэння. Напрыклад, ёсць пытанні, звязаныя з допінгам у спорце, допінгавымі разбіральніцтвамі, і я гэта адчуў на сабе. У новым законапраекце ёсць артыкулы, прысвечаныя гэтай праблеме. Упершыню на ўзроўні нацыянальнага заканадаўства вызначаецца, што разумеецца пад допінгам у спорце, у поўным аб'ёме называюцца дзеянні, якія прызнаюцца парушэннем антыдопінгавых правілаў, удакладняюцца выпадкі і парадак правядзення допінг-кантролю. Упершыню знайшлі замацаванне нормы аб спартыўнай дыскваліфікацыі.
 
Нам неабходна не проста ўдасканальваць закон, а прыводзіць яго ў адпаведнасць з іншымі прававымі актамі, міжнароднымі дамовамі, якія падпісаў беларускі бок. Гэтыя дамоўленасці трэба выконваць. І наогул трэба ўлічваць, што адбываецца ў свеце. Пры падрыхтоўцы праекта закона распрацоўшчыкі ў тым ліку вывучалі вопыт краін, якія таксама ўдасканальваюць законы аб спорце.
 
Яшчэ адзін важны момант. У нас, акрамя закона аб спорце і фізічнай культуры, у гэтай сферы працуюць яшчэ больш за 100указаў Прэзідэнта, прыкладна 200 актаў Саўміна і каля 300 – Мінспорта. Пры гэтым у заканадаўстве да гэтага часу не вырашаны праблемы, якія хвалююць як спартсменаў, так і трэнераў, кіраўнікоў федэрацый. Наша рэчаіснасць патрабуе, каб быў прыняты адзіны нарматыўны акт, які б аб'яднаў у сабе разрозненыя элементы. Ну і, вядома, як я ўжо казаў, неабходна ліквідаваць тыя супярэчнасці і прабелы, якія цяпер ёсць.

А ў цэлым мне як спартсмену многія моманты, якія тычацца спорту, знаёмыя. Вядома, не сумняваюся, што і ў Мінспорта выдатна разумеюць праблемы развіцця нашага спорту, і я буду рады прасоўваць іх прапановы ў Палаце прадстаўнікоў. Я гатовы быць лабістам ад спорту, прымаць прапановы ад спартсменаў, трэнераў, суддзяў і ўсіх зацікаўленых у гэтай сферы. Спадзяюся, што яны ўбачаць у мне чалавека, які гатовы адстойваць інтарэсы спорту.

- Заканапраект, у прыватнасці, уводзіць паняцці "від спорту", "суддзя па спорце" і "трэнер". Якім жа чынам рэгулююцца спартыўныя адносіны зараз, калі такія асноўныя тэрміны не вызначаны ў законе?
 
- На мой погляд, адсутнасць некаторых з гэтых тэрмінаў – невялікі прабел. Так, гэта трэба прапісаць. Але я не думаю, што ў кагосьці ўзнікалі праблемы з вызначэннем, хто ж такі трэнер. Гэта не магло моцна паўплываць на развіццё спорту ў краіне.
 
Аднак паняційны апарат трэба развіваць і ўдакладняць, што мы і зрабілі ў тэксце дакумента. Пра ўсё адразу не раскажаш, але ў якасці прыкладу можна агучыць новыя тэрміны, такія як "від спорту", "спартыўная падрыхтоўка", "спартыўны рэжым", "спартыўны рэзерв", "спартсмен высокага класа", "вучэбна-трэніровачны працэс".

- Праект закона прапануе абавязковае заключэнне дагавораў паміж Мінспорта, НАК і нацыянальнымі федэрацыямі. Што гэта дае?
 
- Заключэнне дагавораў паміж гэтымі структурамі аб развіцці відаў спорту дасць магчымасць развіваць канкрэтны від. І гэта будуць узгодненыя дзеянні ўсіх суб'ектаў. Прыкладную форму дагавора павінна будзе распрацаваць Мінспорта.

Таксама важна адзначыць, што па канкрэтным відзе спорту статус нацыянальнай зможа атрымаць толькі адна федэрацыя. Будзе весціся адпаведны рэестр.
 
- Наколькі для Беларусі актуальная праблема дублюючых нацыянальных федэрацый?

- Раней у нас такія прыклады былі… Гэта тычылася фігурнага катання, спартыўных танцаў. Каб папярэдзіць падобныя сітуацыі, нейкія канфлікты, ​​заканапраектам уводзіцца норма, што статус нацыянальнай можа атрымаць толькі адна федэрацыя. Я думаю, што справядліва, калі нацыянальная федэрацыя адна. Менавіта яна будзе прадстаўляць інтарэсы краіны на міжнародным узроўні, у прыватнасці ў міжнародных спартыўных арганізацыях, на міжнародных спартыўных мерапрыемствах. Нацыянальныя федэрацыі таксама будуць удзельнічаць у распрацоўцы адзінай дзяржпалітыкі развіцця іх відаў разам з НАК і Мінспорта. Яны змогуць уносіць у міністэрства прапановы па фарміраванні нацыянальных і зборных каманд Беларусі, забяспечваць іх падрыхтоўку.

Але ніхто не кажа, што нельга ствараць іншыя федэрацыі па гэтым жа відзе спорту. Гэта можна будзе рабіць. Права на добраахвотнае аб'яднанне гарантавана Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Аднак нацыянальная федэрацыя, паўтаруся, у кожным відзе будзе адна.
 
- У адным пакеце з праектам закона знаходзяцца і папраўкі ў некаторыя кодэксы. Што яны мяняюць?

Другі законапраект забяспечвае ўзаемную ўзгодненасць праекта закона "Аб фізічнай культуры і спорце" з Працоўным кодэксам і Кодэксам аб адукацыі праз ухіленне прабелаў і супярэчнасцей. Гэтыя прабелы звязаны з адсутнасцю ў працоўным заканадаўстве дадатковай падставы для спынення працоўнага дагавора, у тым ліку з тымі, хто ажыццяўляе педагагічную дзейнасць у сферы фізічнай культуры і спорту. Правы на ажыццяўленне такой дзейнасці будуць абмежаваныя як раз у сувязі з уступленнем у сілу новай рэдакцыі закона "Аб фізічнай культуры і спорце".

Удаляюцца асобныя прабелы і супярэчнасці, звязаныя з заканадаўствам у сферы адукацыі, якое рэгулюе пытанні падрыхтоўкі ў установах адукацыі спартыўнага рэзерву, спартсменаў высокага класа, ажыццяўлення педагагічнай дзейнасці. Гэта ў асноўным тэхнічныя моманты.
 
- Не так даўно ў СМІ абмяркоўвалася тэма распрацоўкі не проста новага закона, а цэлага спартыўнага кодэкса...
 
- Так. Пра гэта пісалі аўтарытэтныя выданні, гаварылі прадстаўнікі ўлады. У выніку ў Палаце прадстаўнікоў адбылося пасяджэнне пад старшынствам намесніка старшыні Палаты прадстаўнікоў Віктара Гумінскага, з удзелам міністра спорту і турызму Аляксандра Шамко, саветніка Прэзідэнта па пытаннях фізічнай культуры, спорту і развіццю турызму Максіма Рыжанкова, старшыні Вышэйшага гаспадарчага суда і ГА "Беларуская федэрацыя баскетбола" Віктара Каменкова, які актыўна прасоўваў ідэю кодэкса, іншых зацікаўленых. Аднак хачу адзначыць, што сёння ў адрозненне ад Спартыўнага кодэкса праект закона аб фізічнай культуры і спорце не толькі гатовы, але і адпрацаваны з шырокім колам зацікаўленых. Яго прыняцце, на мой погляд, з'яўляецца найбольш аптымальным крокам. У нас будзе магчымасць паглядзець, як ён працуе, выявіць магчымыя праблемныя моманты, каб у далейшым ушчыльную падысці да распрацоўкі Спартыўнага кодэкса. Няма ніякіх супярэчнасцей паміж ідэяй кодэкса і законапраектам. Мы ўсе працуем разам і паступова ідзем да якаснага дакумента па спорце.

Васіль МАЛАШЭНКАЎ