Японскія валанцёры правядуць у Віцебску майстар-класы па клоўнацерапіі
Японскія валанцёры 6 верасня правядуць майстар-класы па клаўнацерапіі ў Віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і Вялікалетчанскім дзіцячым доме, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).
Група японскіх валанцёраў прыбудзе ў Віцебск 5 верасня. У гэты дзень пройдзе сустрэча і абмен вопытам з валанцёрамі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК. У прыватнасці, запланаваны круглы стол з удзелам членаў ініцыятыўнай групы "Доктар Небаліць", якая ўжо некалькі гадоў працуе па методыцы клаўнацерапіі.
6 верасня стане днём практычнага абмену вопытам. Японскія госці пабываюць у Віцебскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы і Вялікалетчанскім дзіцячым доме, дзе правядуць двухгадзінныя сеансы клаўнацерапіі для пацыентаў і выхаванцаў гэтых устаноў. Зацікаўленымі гледачамі прадстаўленняў стануць і валанцёры абласной арганізацыі БТЧК.
Як адзначылі ў БТЧК, гэта ўжо другі візіт японскіх валанцёраў у Віцебск. Першы адбыўся ў верасні мінулага года. "Ідэя наладзіць супрацоўніцтва з японскімі валанцёрамі ўзнікла некалькі гадоў таму, а два з паловай гады таму ў Віцебску была створана ініцыятыўная група "Доктар Небаліць". Яе членамі сталі актыўныя маладыя людзі, якія працуюць па методыцы клаўнацерапіі - даюць прадстаўленні для дзяцей у бальніцах і ўстановах сацыяльнага тыпу", - растлумачылі ў абласной арганізацыі БТЧК.
Віцебскія валанцёры прайшлі навучанне на спецыяльных трэнінгах і семінарах, валодаюць навыкамі акцёрскага майстэрства, жонгліравання, дэманстрацыі фокусаў, анімацыі, пластыкі. Сустрэчы з японскімі калегамі спрыяюць павышэнню прафесійнага ўзроўню ўдзельнікаў групы "Доктар Небаліць".
Алена Ціханава