Японцы заваявалі Гран-пры фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску

Японцы завоевали Гран-при фестиваля современной хореографии в Витебске

Пастаноўка "Nil" японскага калектыву Ayaka Habata & Cotaro ITO Dance Company заваявала Гран-пры XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі, які праходзіў з 19 па 23 лістапада ў Віцебску, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў і дыпламантаў прайшла падчас урачыстага закрыцця фестывалю 23 лістапада і сабрала аншлаг. На думку запрошанага госця з ЗША, харэографа і кіраўніка кампаніі Koresh Dance Company Ронана Кореша, гэта сведчыць аб вялікай будучыні сучаснага танца і контэмпарары. Калектыў Кореша з Філадэльфіі адкрыў канцэртную праграму камбінацыяй урыўкаў з некалькіх спектакляў, аб'яднаных ідэяй "Будзем разам". Гэтая думка перагукаецца з агульнай канцэпцыяй сёлетняга фестывалю - пошукі сябе, гармоніі і міру.

На канцэрце закрыцця гледачы ўбачылі лепшыя выступленні конкурснай праграмы IFMC-2014. Сёлета ў ёй удзельнічалі 33 калектывы з Арменіі, Беларусі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Украіны, Эстоніі і Японіі. Канкурсанты прадставілі 49 работ, 22 выйшлі ў фінал. Упершыню за ўсю гісторыю фестывалю астатнія калектывы, па рашэнні аргкамітэта, атрымалі пасведчанні аб удзеле.

Пастаноўка "Nil" (нішто, пустэча) харэографа Аяки Хабата ў выкананні японскага дуэта заваявала безумоўныя сімпатыі ўсіх членаў журы і гледачоў. "Такога разнамасцнага і цікавага складу журы яшчэ не бачыў, таму калі сышліся ў меркаванні такія розныя людзі, гэта значыць вельмі шмат. Гран-пры выдаецца толькі за шэдэўр. А ў дадзенай працы ёсць усё - і драматургія, і псіхалагізм, і найвышэйшая тэхніка выканання", - растлумачыў выбар журы яго старшыня - мастацкі кіраўнік тэатра "Кіеў мадэрн-балет" Раду Поклітару (Украіна).

Як адзначыў сустаршыня журы, народны артыст Беларусі кіраўнік балета Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Юрый Траян, каб максімальна адзначыць усе годныя працы, суддзям давялося пайсці па складаным шляху. У выніку па 3 працы былі ўдастоены трэцяй і другой прэмій. Гэта два маскоўскіх і два кіеўскіх калектывы, а таксама праект Сяргея Паяркова і Ігара Нічыпорука з Мінска і тэатр-студыя сучаснай харэаграфіі Дзіяны Юрчанкі з Віцебска. Тэатр танца "O'She" з Волагды стаў лаўрэатам першай прэміі.

Акрамя таго, былі прысуджаны спецыяльныя прэміі экспертнага савета. Таксама ўпершыню журы заснавала ўласную грашовую прэмію, якую атрымаў праект Валянціна Ісакава з Гомеля.

Пад заслону гледачоў чакаў прыемны падарунак ад Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Рэспублікі Беларусь - упадабаны публіцы балет "Шэсць танцаў".

XXVII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску праходзіў з 19 па 23 лістапада. Акрамя канцэртнай праграмы, прайшлі практычныя і тэарэтычныя майстар-класы, выставы фатаграфіі і авангарднага жывапісу. Мерапрыемства лічыцца адным з брэндавых не толькі для Віцебска, але і ўсёй Беларусі. Усе ўдзельнікі, госці, члены журы адзначылі высокі ўзровень, уражлівы маштаб і энтузіязм арганізатараў.

Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі. Арганізатарам выступае дзяржаўная ўстанова "Цэнтр культуры "Віцебск".

Кацярына Князева