Яхт-клуб і гарналыжная траса могуць з'явіцца ў Браслаўскім раёне да 2015 года
10 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Больш за дзесяць інвестыцыйных праектаў прапануе ўключыць Браслаўскі райвыканкам у праект праграмы развіцця Браслаўскага раёна як курорта нацыянальнага значэння, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Высоцкая.
Праграма развіцця раёна як курорта нацыянальнага значэння распрацоўваецца на 2011-2015 гады. Яна ўлічвае прыродныя і культурныя магчымасці рэгіёна, блізкасць межаў з Літвой і Латвіяй. Выгаднымі для інвестараў абяцаюць быць праекты па будаўніцтве гасцініцы, парку атракцыёнаў, гарналыжнай трасы, пансіяната ў межах Браслава. Вялікая колькасць азёр у раёне спрыяе развіццю водных відаў спорту. Патэнцыйныя інвестары могуць азнаёміцца з выдзеленай пляцоўкай пад будаўніцтва яхт-клуба.
Разам з прапановамі па развіцці інфраструктуры турызму і адпачынку ў праект праграмы прадугледжваецца ўнесці мерапрыемствы па рамонце і будаўніцтве дарог, гандлёвых аб'ектаў, прадпрыемстваў службы побыту. Асобны раздзел праграмы будзе прысвечаны ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальнаму выкарыстанню прыродных рэсурсаў. У прыватнасці, запланаваны будаўніцтва ачысных збудаванняў і біяэнергетычных установак, добраўпарадкаванне берагавых ліній азёр.
Вынікам рэалізацыі праграмы стане дасягненне тэмпа росту платных паслуг у 2015 годзе ў аб'ёме 211% да ўзроўню 2010 года, тэмп росту выручкі ад аказання платных паслуг складзе 115%. Колькасць занятых у сферы паслуг плануецца павялічыць у 2,2 раза.
Праект праграмы развіцця курортнай зоны ў Браслаўскім раёне рыхтуецца рабочай групай, у склад якой уваходзяць кіраўнікі міністэрстваў і ведамстваў. Чакаецца, што праца над праектам будзе завершана да лютага, пасля чаго ён будзе ўнесены на разгляд кіраўніка дзяржавы.
У 2010 годзе ў Браслаўскім раёне турыстычнымі і аздараўленчымі паслугамі скарысталіся 11,5 тыс. чалавек, з іх больш за 10 тыс. адпачывальнікаў размяшчаліся ў гасцініцах і пансіянатах.-0-