Юзаф Мігаш: Беларуска-славацкае супрацоўніцтва павінна перайсці на якасна новы ўзровень

Беларуска-славацкія адносіны трэба пераводзіць у плоскасць практычнай рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. Пра гэта заявіў сёння Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Славакіі ў Беларусі Юзаф Мігаш на сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Мікалаем Шэрстнёвым.

"Віцебская вобласць - адна з лепшых, з якой атрымліваецца ў славацкіх структур працаваць. Спадзяюся, у будучыні адносіны будуць развівацца ў такім жа рэчышчы. Мы рыхтуемся прыняць удзел у фестывалі "Славянскі базар у Віцебску" і хацелі б па-новаму пачаць працаваць, надаць нашым адносінам новую якасць, - сказаў дыпламат. - Нам трэба арыентавацца на інвестыцыйныя праекты, канцэнтруючы ўвагу на іх практычнай рэалізацыі. Пакуль мы бачым, што праекты ёсць, намеры пазначаны, але з практычнай рэалізацыяй існуюць пытанні".

Юзаф Мігаш падкрэсліў, што бакам трэба сканцэнтравацца на праектах, якія прынясуць узаемную выгаду. "Якія патрэбныя вам і карысныя для нас з пункту гледжання таго, што ў іх маглі працаваць і нашы інвестыцыі. Я лічу, што нам варта ствараць сумесныя прадпрыемствы", - заявіў пасол Славакіі і дадаў, што трэба арыентавацца на інавацыйныя праекты.

Сярод магчымых напрамкаў супрацоўніцтва дыпламат назваў машына- і аўтамабілебудаванне, энергетыку, дрэваапрацоўку, фармацэўтыку. Гаворачы пра вытворчасць лекавых сродкаў, дыпламат адзначыў, што Славакія гатова разгледзець варыянты трохбаковага супрацоўніцтва.

"Калі знойдзем магчымасці для супрацоўніцтва ў гэтай сферы, то давайце папрацуем у трохкутніку Куба, Беларусь, Славакія", - выказаў зацікаўленасць пасол. Пасля сустрэчы ў аблвыканкаме дыпламат наведаў РУП "Віцебскэнерга", дзе абмяркоўваліся пытанні будаўніцтва гідраэлектрастанцый на Заходняй Дзвіне. У праграме таксама - азнаямленне з вытворчасцю ААТ "Віцебскдрэў", дзе, як плануецца, пойдзе размова аб магчымасці арганізацыі экспартных паставак прадукцыі віцебскага прадпрыемства.

Як растлумачылі ў аблвыканкаме, штогадовы тавараабарот Віцебскай вобласці са Славакіяй да 2015 года складаў $15-16 млн, у 2015 годзе ён скараціўся да $5 млн (пры гэтым экспарт склаў $800 тыс., імпарт $4,3 млн). Славацкія прамыя інвестыцыі практычна не прысутнічаюць у вобласці, хоць прадукцыя, прапанаваная славацкімі кампаніямі, канкурэнтаздольная. Прадпрыемствы мясамалолкампрама па выніках тэндараў неаднаразова закуплялі абсталяванне славацкай кампаніі "Уздухаторг".

Алена Ціханава, БЕЛТА.