Юбілеі і фестывалі ў новым фармаце напоўняць Год культуры ў Прыдзвінне

Юбилеи и фестивали в новом формате наполнят Год культуры в Придвинье

Юбілеі, новы фармат традыцыйных мерапрыемстваў, абнаўленне ўстаноў культуры - у Віцебскай вобласці Год культуры абяцае быць асабліва насычаным. Аб асноўных акцэнтах расказала сёння намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Ларыса Аленская на тэматычнай прэс-канферэнцыі.

Для Віцебскага рэгіёну фестывалі ўжо сталі неад'емнай часткай жыцця і іміджу. А ў 2016 годзе традыцыйныя мерапрыемствы атрымаюць новае развіццё, тым больш што год выдаўся ўраджайным на юбілеі: 25 гадоў "Славянскаму базару", 90 - Нацыянальнаму акадэмічнаму драматычнаму тэатру ім. Якуба Коласа, 30 - беларускаму тэатру "Лялька", 65 - Цэнтру культуры "Віцебск", 25 - Музею Марка Шагала ў Віцебску. А таксама наспела чарада круглых дат знакамітых землякоў, паэтаў, мастакоў і іншых дзеячаў мастацтва.

"Год культуры мы ўрачыста адкрыем 12 лютага ў абласной філармоніі, дзе адначасова з падвядзеннем вынікаў работы за 2015 год пастараемся святочна падысці да новага этапу, новай пяцігодкі. Уручым прэміі лепшай творчай моладзі і прэміі "Мецэнат года", - сказала Ларыса Аленская. І падкрэсліла, што хоць складанасці з фінансаваннем не дазваляюць вялікага пашырэння творчых праектаў, але ўжо існуючыя цалкам могуць пераходзіць на новы якасны ўзровень, фармат правядзення. "Прыкладам служыць найстарэйшы фестываль "Браслаўскія зарніцы", падчас якога праходзіць некалькі мерапрыемстваў: харавая асамблея, турнір па народных бытавых танцах, свята сярэднявечнай культуры. І гэта не адзіны падобны праект.

"Славянскі базар" пашырае свой фармат за кошт суправаджальных мерапрыемстваў. Сёлета плануецца святочнае шэсце ўдзельнікаў і гасцей фестывалю, творчых калектываў рэгіёну, марш-парад духавых аркэстраў і барабаншчыц. Прэзентацыя брэндаў раёнаў будзе дапоўнена канцэртамі творчых калектываў. Наогул, сёлета мы вярнуліся да такой практыкі, якая была падзабыта, - агляды-конкурсы творчых сіл раёнаў. Арганізуем іх па куставым прынцыпе з правядзеннем гала-канцэрта ў Віцебску", - дадала прадстаўніца аблвыканкама.

Асаблівая ўвага будзе нададзена культурнаму абслугоўванню сельскага гледача, развіццю пазабюджэтнай дзейнасці, што дазволіць выкарыстоўваць частку сродкаў, заробленых ад аказання платных паслуг, на прэміраванне, матэрыяльнае заахвочванне работнікаў. Будзе працягнута і ўмацаванне матэрыяльнай базы ўстаноў культуры. У 2015 годзе на гэтыя мэты накіравана каля Br60 млрд. Перш за ўсё - на аб'екты ў Талачыне, дзе праходзілі абласныя "Дажынкі". Цяпер ідзе падрыхтоўка да фестывалю працаўнікоў вёскі ў Сенне. Сярод важных аб'ектаў - стварэнне музея Віцебскага народнага мастацкага вучылішча і музея прыватных калекцый у абласным цэнтры. Працягнецца рамонт устаноў адукацыі ў сферы культуры. "Хацелася б адзначыць, што ў 2015 годзе шмат зроблена ў каледжы культуры і мастацтваў. Гук і святло, атмасфера - усё цудоўна. Пераўтварыўся і музычны каледж ім. І. Салерцінскага. Цяпер мы актыўна даводзім да патрэбных стандартаў святло і гук канцэртнай залы "Віцебск". Працуем па музычным каледжы ў Наваполацку, у першую чаргу - па яго інтэрнаце. Бо ад вырашэння такіх пытанняў залежыць і якасць працы ўсёй сферы", - заключыла Ларыса Аленская.

Кацярына Князева, БЕЛТА.