Юбілей Коласаўскага тэатра адзначаюць у Віцебску

У Віцебску стартавалі юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 90-годдзю Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа.

У абласным краязнаўчым музеі (Ратуша) адкрылася выстава "Тэатр у люстэрку часу". Экспазіцыя складаецца з прадметаў тэатральнага рэквізіту, фотадакументаў, кніг, дакументаў з фондаў краязнаўчага музея, Коласаўскага тэатра, Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці, абласной бібліятэкі і асабістых архіваў коласаўцаў.

Выстава распавядае пра гісторыю тэатра, вядомых акцёраў-коласаўцаў і спектаклі розных гадоў. Акрамя гэтага сёння ўжо непасрэдна ў самым тэатры прайшла навукова-практычная канферэнцыя "Беларускі нацыянальны тэатр: традыцыі, пошук, эксперымент".

Яе ўдзельнікі абмеркавалі праблемы сучаснага сцэнічнага мастацтва, размова ішла пра гісторыю і станаўленне Коласаўскага тэатра. Паведамленні таксама прысвячаліся артыстам, рэжысёрам і мастакам віцебскага тэатра. У тэатры 19 лістапада адбудзецца прэзентацыя кнігі Аркадзя Падліпскага "Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Якуба Коласа: старонкі мінулага і сучаснасці". Выданне дастаткова аб'ёмнае - каля 300 старонак. У кнізе ў тым ліку раскрываюцца малавядомыя факты з гісторыі Коласаўскага тэатра. А ў панядзелак, 21 лістапада, коласаўцы запрашаюць на ўрачысты творчы вечар "Тэатр прызямліўся ў Віцебску".

Тэатр створаны ў Віцебску 21 лістапада 1926 года на базе беларускай драматычнай студыі, якая з 1921 па 1926 год існавала пры МХАТ імя М.Горкага. У 1944 годзе за дасягненні ў развіцці нацыянальнай культуры тэатру прысвоена імя Якуба Коласа.

Алена Ціханава - БЕЛТА.


Матэрыялы па тэме:

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў калектыў Нацыянальнага драмтэатра ім. Я. Коласа з 90-годдзем заснавання ўстановы