Юбілейныя міжнародныя Шагалаўскія чытанні адкрыліся сёння ў Віцебску
4 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Юбілейныя ХХ Міжнародныя Шагалаўскія чытанні адкрыліся сёння ў Віцебску ў арт-цэнтры Марка Шагала, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА дырэктар музея Марка Шагала Людміла Хмяльніцкая.
У гэты раз у Віцебск прыехалі мастацтвазнаўцы, выданцы, кінематаграфісты, якія займаюцца вывучэннем творчасці мастакоў-авангардыстаў. Гостем чытанняў стаў пецярбуржац Ісаак Кушнір - аўтар-складальнік, куратар серыі "Авангард на Няве". Гэтая серыя ўключае больш за дзесятак кніг, прысвечаных сучасным мастакам Санкт-Пецярбурга.
Удзельнікі чытанняў першымі пазнаёмяцца з пецярбургскім выдавецтвам "Віта Нова". Гэта выдавецтва мае прынцыповую пазіцыю: спалучаць акадэмічную падрыхтоўку тэкстаў з лепшымі традыцыямі кнігадрукавання, яно займаецца выпускам малатыражных калекцыйных выданняў.
Чатыры свае працы на чытаннях прадставіць рэжысёр-дакументаліст Уладзімір Камінскі. У сферу яго інтарэсаў уваходзяць сучаснае мастацтва і этнаграфія. Фільмы Камінскага купляюць вядучыя тэлеканалы свету, у тым ліку "Антэн 2" (Францыя), міжнародная тэлекампанія "Аль-Джазіра".
Усе даклады, прачытаныя на чытаннях, публікуюцца ў штогадовым выданні - бюлетэні Музея Марка Шагала. За 20 гадоў правядзення чытанняў апублікавана 195 дакладаў даследчыкаў і мастацтвазнаўцаў з Беларусі, Вялікабрытаніі, Германіі, Ізраіля, Латвіі, Расіі, ЗША, Украіны, Францыі, Швейцарыі, Эстоніі, ПАР. -0-