Юбілейны Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі IFMC-2012 дорыць публіцы новыя адкрыцці і сустрэчы са старымі сябрамі
Здаецца, толькі адгучалі прывітальнае слова ў гонар пачатку XXV Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, толькі паспелі гледачы пазнаёміцца з удзельнікамі конкурснай праграмы – а ўжо надыходзіць час развітання і падвядзення вынікаў. Але і вердыкт строгага журы, і фінальныя акорды, і сум расставання – усё гэта будзе ў нядзелю. А пакуль мы яшчэ маем магчымасць атрымаць асалоду ад выступленняў як мэтры танцавальнага мастацтва, так і тых, хто пакуль толькі заяўляе пра сябе.
Стартаваў IFMC 21 лістапада. Глядзельныя залы былі традыцыйна запоўнены, што пацвердзіла: гэты фестываль у нас любяць і чакаюць. І гэта зразумела: гэты творчы форум з'яўляецца адной з самых прадстаўнічых і яркіх падзей не толькі ў нашай краіне, але і на тэрыторыі СНД і Усходняй Еўропы. Адкрываючы яго, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Тадэвуш Стружэцкі падкрэсліў, што за мінулыя гады IFMC стаў стартавай пляцоўкай для многіх маладых выканаўцаў і сур'ёзнай платформай для развіцця сучаснага пластычнага мастацтва. А начальнік упраўлення культуры Віцебскага аблвыканкама Ларыса Аленская нагадала пра тую асаблівую творчую атмасферу, якая заўсёды была ўласціва гораду над Дзвіной, і зачытала гасцям і ўдзельнікам прывітальную адрас кіраўніка вобласці Аляксандра Косінца.
Паколькі сёлетні творчы форум – юбілейны, канцэрт адкрыцця быў па-сапраўднаму «зорным». Ён падарыў прыдзвінцам магчымасць сустрэцца з многімі любімымі калектывамі, якія выступалі на віцебскай сцэне ў розныя гады. Прыхільнікі шквалам апладысментаў прывіталі і балет «Street Jazz» Сяргея Мандрыка (якога наша публіка, дарэчы, памятае па самым першым фестывалі), і «Эксцэнтрык-балет» Сяргея Смірнова, і тэатр сучаснай харэаграфіі «D.O.Z.SK.I.», і Пермскі дзяржаўны тэатр «Балет Яўгена Панфілава»… З вялікім шкадаваннем было адзначана, што ў гэты раз прыдзвінскім знатакам мастацтва танца «з тэатрам «Кіеў мадэрн-балет» не пашанцавала». Справа ў тым, што сёння ўкраінскія зоркі пакажуць «паўнаметражную» праграму ў Гродне, а для віцябчан яны падрыхтавалі толькі мініяцюры. Застаецца спадзявацца, што недагляд выправяць у найбліжэйшай будучыні, бо ў абласным цэнтры з'явілася ўжо нямала сапраўдных фанатаў гэтага калектыву.
Арыгінальным было выступленне Тэатра «HeadFeedHands» з Кёльна. Паколькі Флорыян Патшоўскі і Тым Берэн у свой час вучыліся ў Брусэлі ў вышэйшай цыркавой школе, яны ўключылі ў нумар нямала эфектных акрабатычных элементаў. Такія дэталі зрабілі пастаноўку сапраўды ўнікальнай, хоць некаторыя ў гледацкай зале і наракалі: дынамічнасці і непаўторнасці хапіла, а вось танца аказалася недастаткова. Падобныя прэтэнзіі гучалі і на адрас французскага дуэта «Кампанія La Vouivre», які прапанаваў у чацвер увазе публікі поўны гумару танц-спектакль «OUPS» пра адносіны мужчыны і жанчыны. Праўда, тут упор быў зроблены не на трукі, а на жэсты, якія людзі выкарыстоўваюць у паўсядзённым жыцці, і на акцёрскую гульню. Сапраўды, танца ў звыклым разуменні ў гэтых выступленнях амаль не было. Было, хутчэй, мастацтва руху і пачуццяў. Але ці не ў тым і складаецца адна з асноўных задач IFMC, каб знаёміць гледачоў з новымі тэндэнцыямі і напрамкамі, адкрываць невядомае? Пагадзіцеся, многае з таго ў сучаснай харэаграфіі, што сёння з'яўляецца ўсімі прызнаным і гарача любімым, спачатку здавалася дзіўным, непрывычным і не зусім правільным.
Вельмі цёпла прынялі прыдзвінцы выступленне «старых знаёмых» з Эстоніі – Тэатра сучаснага танца «FINE FIVE DANCE THEATRE». Спектакль «Mandala», які распавядае пра з'яўленне чалавека на свет, яго развіццё і духоўнае станаўленне, зачараваў сваёй гарманічнасцю і выверанай пластыкай.
Распавядаць пра падзеі творчага форуму можна бясконца. Тым больш што IFMC – гэта не толькі канцэрты. Гэта яшчэ і майстар-класы, і прэс-канферэнцыі, якія дазваляюць убачыць выканаўцаў часам у зусім нечаканым ракурсе. Аднак, на маё меркаванне, менавіта для фестывалю харэаграфіі максімальна верны прынцып «Лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пачуць». Так што калі вам цікавае сучаснае мастацтва – прыходзьце, глядзіце, крытыкуйце і атрымлівайце асалоду.