Юбілейны Міжнародны музычны фестываль імя І.І. Салерцінскага пройдзе ў Віцебску

Юбилейный Международный музыкальный фестиваль имени И.И.Соллертинского пройдет в Витебске
Канцэртная афіша несумненна прыцягне аматараў класічнай музыкі. З яе цяжка вылучыць нейкую праграму, усе па-свойму ўнікальныя. У абласной філармоніі ў рамках фестывалю выступяць чатыры лаўрэаты міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага: Мікалай Луганскі, Вадзім Рудэнка, Аляксандр Князеў і Ліяна Ісакадзэ.

Міжнароднаму музычнаму фестывалю імя І. І. Солерцінскага спаўняецца 25 гадоў.

У адной з піцерскіх газет музыканты з сусветнымі імёнамі, якія выступалі ў Віцебску, дзяліліся ўражаннямі і шчыра здзіўляліся: як удаецца невялікаму беларускаму гораду, дзе нават няма опернага тэатра, шмат гадоў утрымліваць такі фестываль, прычым на самым высокім узроўні? Сапраўды, за чвэрць стагоддзя яго ўдзельнікамі былі прадстаўнікі артыстычнай эліты, на чые канцэрты ў іншых краінах і гарадах цяжка трапіць, а квіткі раскупляюцца за некалькі месяцаў.

Феномен заключаецца перш за ўсё ў імені нашага земляка Івана Іванавіча Солерцінскага, якога да гэтага часу шануюць усе музыканты. Вялікую дапамогу ў запрашэнні артыстаў аказвае і ягоны сын – Дзмітрый Солерцінскі, які ўзначальвае Санкт-Пецярбургскае таварыства Дзмітрыя Шастаковіча. Праўда, як адзначыў галоўны спецыяліст упраўлення культуры, ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Станіслаў Генеральніцкі, фарміруючы праграму, даводзіцца падладжвацца пад гастрольны графік музыкантаў, таму віцебскі фестываль расцягваецца амаль на месяц. Вось і сёлета ён пройдзе з 1 па 22 снежня.

Канцэртная афіша несумненна прыцягне аматараў класічнай музыкі. З яе цяжка вылучыць нейкую праграму, усе па-свойму ўнікальныя. У абласной філармоніі ў рамках фестывалю выступяць чатыры лаўрэаты міжнароднага конкурсу імя Чайкоўскага: Мікалай Луганскі, Вадзім Рудэнка, Аляксандр Князеў і Ліяна Ісакадзэ.

Пра Ліану кажуць: гэта грузінская скрыпачка з знешнасцю Одры Хепберн і талентам Нікало Паганіні. Як адзначаюць арганізатары, яна стане ўпрыгожаннем фестывалю. Цікавыя праграмы прывязе ў Віцебск Аляксандр Князеў, які зноў выступіць у дзвюх іпастасях, як віяланчаліст і арганіст. Ён выканае канцэрт Дворжака і Гольдберг-варыацыі Баха. Існуе легенда, што музыка напісаў іх для рускага пасла ў Саксоніі ў якасці снатворнага, бо той скардзіўся на бессань. Праз час гэтыя варыяцыі, названыя імем іх выканаўцы, вучня Баха, сталі вяршыняй філасофскай музыкі. Іх можна пачуць у культавым фільме «Маўчанне ягнят». Гэтае сачыненне, напісанае для клавіра, Аляксандр Князеў выканае на органе. Гэта будзе прэм'ера, прычым на тры тыдні раней, чым у Маскве.

Два віртуозы фартэпіяннай музыкі Мікалай Луганскі і Вадзім Рудэнка выступяць на сцэне філармоніі 19 снежня. Арганізатары раяць не прапусціць і канцэрт ансамбля салістаў «Класік-Авангард» пад кіраўніцтвам Уладзіміра Байдова, дарэчы, які стаяў ля вытокаў фестывалю. Музыканты падрыхтавалі праграму «Лісты аб музыцы», прысвечаную 250-годдзю з дня нараджэння Міхаіла Агінскага. Вакальнае мастацтва прадставіць лаўрэат многіх міжнародных конкурсаў Іва Ёрданаў з Балгарыі. Яго барытон лічыцца шостым у свеце. Партыю фартэпіяна выканае таленавіты беларускі піяніст Юрый Бліноў.

Фестываль афіцыйна адкрыецца 3 снежня, у дзень нараджэння І. І. Салерцінскага, але да гэтага адбудуцца два канцэрты, якія можна лічыць своеасаблівай прэлюдыяй да музычнага форуму. На філарманічнай сцэне 1 снежня выступяць салістка канцэртнай залы Сафійскага сабора Полацка, арганістка Ксенія Пагарэлая, і флейтыстка з Германіі Сюзанна Эрхардт, 2 снежня – выкладчыкі і навучэнцы Віцебскага музычнага каледжа імя І. І. Салерцінскага. А завершыць фестывальную праграму 22 снежня адзін з найбольш вядомых калектываў Санкт-Пецярбурга – камерны хор Смальнага сабора.

Традыцыйна ў рамках музычных сустрэч у Віцебску пройдуць навуковыя чытанні. Як адзначыла мастацкі кіраўнік абласной філармоніі Нэлі Мацаберыдзэ, сёлета яны прысвечаны некалькім тэмам: гісторыі і сучаснаму стану музычнай культуры Віцебска, Івану Іванавічу Салерцінскаму, актуальным пытанням мастацтвазнаўства. Будзе ўдзелена ўвага 100-годдзю патрыярха беларускай музыкі Анатоля Багатырэва.

У межах фестывалю ў Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва адкрыецца выстава фотаработ Дзмітрыя Шастаковіча, унука вядомага музыканта.

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"