Маладая аршанка стала пераможцай народнага галасавання конкурсу «Я спяваю!»

Юная оршанка стала победительницей народного голосования конкурса "Я пою!"

Ва ўрачыстай абстаноўцы 23 мая Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з таленавітай моладдзю рэспублікі. Прэзідэнт уручыў навучэнцам, студэнтам заслужаныя ўзнагароды і падарункі, заклікаў берагчы Беларусь — тую краіну, гонар якой прызёры алімпіяд і конкурсаў адстойваюць на міжнародных форумах.

У ліку лаўрэатаў — фіналісты музычнага конкурсу «Я спяваю!», які ўжо некалькі гадоў запар арганізуе канал АНТ. Сярод іншых прымала дыплом і падарунак з рук кіраўніка дзяржавы аршанка Віка Арлова (на фота), пераможца народнага галасавання музычнага праекта.

Гэтая сустрэча стала для вучаніцы аршанскай СШ №13 асаблівай. «Я і марыць не магла, – прызнаецца Віка, – што мне будзе паціскаць руку сам Прэзідэнт і сярод ста запрошаных дзяцей з усёй рэспублікі на гэтай сустрэчы апынуся я! Мяне ўразілі словы Аляксандра Рыгоравіча аб тым, што ў нашай краіне да маладых талентаў асаблівае стаўленне і менавіта па поспехах дзяцей судзяць аб тым, у якіх сферах дзейнасці наша краіна мае высокі патэнцыял. Гордасць Прэзідэнта за нас і нашы дасягненні яшчэ больш натхнілі мяне на заваяванне новых вяршынь усюды – і ў творчасці, і ў вучобе!».

Гэтыя вяршыні адораная аршанка сапраўды працягвае заваёўваць. Пасля атрымання на праграме

«Контуры» галоўнай зоркі – зоркі пераможцы праекта «Я спяваю!», прызнання ўсёй краіны (за Віку Арлову было аддадзена большасць галасоў тэлегледачоў, за Аляксандру Адасько – гледачоў, прысутных у зале) – шасцікласніца не толькі нагнала ўпушчанае па школьнай праграме за час удзелу ў праекце, але і здолела стаць пераможцай раённага тура па некалькіх прадметных алімпіядах і атрымаць па заканчэнні навучальнага года Ганаровую грамату. На выдатна скончыла Віка Арлова і чацвёрты клас музычнага аддзялення школы мастацтваў. Саксафон – інструмент для душы, на якім, па словах чароўнай дзяўчынкі, лепш за ўсё атрымліваецца выконваць джаз.

Што тычыцца вакалу, то ім Віка пачала займацца з 6 гадоў у студыі

«Гармонія» пры сваёй школе (выкладчык Ірына Каваленка). Першыя перамогі атрымала на гарадскіх конкурсах, а потым стала лаўрэатам міжнароднага фестывалю «Дзве сястры: Беларусь і Расія», пераможцай міжнароднага конкурсу «Ружа вятроў», лаўрэатам I ступені міжнароднага конкурсу «Два каты», лаўрэатам абласнога конкурсу дзіцячай творчасці «Прывітанне, свет!», удзельнічала ў міжнародным конкурсе «Залатая пчала» і рэспубліканскім фестывалі дзіцячай творчасці «Дзвіна — Дзвіна — Даугава». Як і любая дзяўчынка, марыла трапіць на ТБ. Пра праект «Я спяваю!» ведала не з чутак – штогод глядзела ўсе канцэрты разам з мамай Аленай, сачыла за лёсам удзельнікаў. І калі ў сям'і з'явіліся блізняты і за ёй замацаваўся статус шматдзетнай, зразумела, што ёсць шанец. Бацькі падтрымалі дачку і разам паехалі на кастынг. Не маючы асаблівых ілюзій, вярнуліся дадому, а праз два месяцы ў кватэры Арловых раздаўся міжгародні званок, і ім паведамілі, што Віка ўвайшла ў дваццатку лепшых.

Яшчэ адно праслухоўванне ў Мінску – і таленавітая вакалістка ў фінале. Бясконцыя рэпетыцыі і канцэрты для Вікі не былі ў цяжар. Наадварот, як прызнаецца дзяўчынка, гэта сапраўдная казка. І калі пасля заключнага канцэрта з галоўнай сцэны краіны прыбралі ўсе дэкарацыі, яна зразумела: у кожнай казкі, як бы сумна гэта ні было, ёсць фінал. Але, як прынята ў дзяцінстве, адна гісторыя заканчваецца, іншая пачынаецца. Пасля перамогі на праекце ў Вікі Арловай з'явіўся рэальны шанец працягнуць зорны шлях і ўдасканаліць сваё майстэрства на новым узроўні. Таленавітую аршанку запрасіла займацца ў

«Талант Групп» Юлія Бароўская, і цяпер кожную суботу Віка ездзіць у сталіцу – «шліфуе» вакал і харэаграфію па індывідуальным графіку. Свой талент працягвае пацвярджаць на прэстыжных фестывалях і конкурсах. Разам з беларускім выканаўцам Германам аршанская зорачка адкрывала X Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур у Гродне, атрымала Гран-пры на «Марафоне зорак-2014» у Мінску. Ва ўсім падтрымлівае дачку і стараецца па магчымасці прысутнічаць на кожным яе канцэрце мама – Алена Арлова. Яна разам з мужам і немаўлятамі-двайнятамі шчыра радуецца кожнаму новаму дасягненню і прыкладае ўсе намаганні, каб іскра таленту любімай дзяўчынкі разгаралася ўсё ярчэй і ярчэй.

А нядаўна з творчай групай АНТ і некаторымі фіналістамі

«Я спяваю!» Віка з дабрачынным канцэртам наведала Паўночную Асецію. «Павіншаваць школьнікаў Беслана з Днём абароны дзяцей для мяне было асабліва хвалююча, – распавядае Віка. – Падзеі, якія разгарнуліся там у мірны для мяне і маёй краіны час, скалыхнулі душу, калі я ўбачыла разбураную ў выніку тэракта школу, кроў маіх равеснікаў на яе сценах. А верш, напісаны бесланскай дзяўчынкай за тыдзень да смерці, не забуду ніколі. Я плакала і спявала для гэтых дзяцей, забыўшыся пра ўсё на свеце, усім сэрцам ненавідзячы вайну і жадаючы ўсім толькі мірнага неба, шчаслівага дзяцінства…»

Наступная творчая паездка ў Вікі ўжо запланавана. Таленавітую школьніцу запрасілі для ўдзелу ў здымках відэароліка да Дня Незалежнасці – дзяўчынка стане адной з выканаўцаў Гімна Рэспублікі Беларусь і тварам Віцебшчыны на галоўным свяце краіны ў Мінску.

А яшчэ юная аршанка марыць праспяваць на

«Славянскім базары ў Віцебску». У будучыні ж бачыць сябе артысткай, талент якой будзе запатрабаваны і паслужыць на карысць нашай нацыянальнай культуры.

Вольга Лебедзева, "Віцебскія весці"