Юныя біятланісты Гродзенскай і Магілёўскай абласцей сталі пераможцамі "Снежнага снайпера"
7 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Пераможцамі фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне, лыжных гонках і стральбе з пнеўматычнай зброі "Снежны снайпер" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба ў камандным заліку сталі дружыны Магілёўскай (малодшая ўзроставая група) і Гродзенскай (старэйшая ўзроставая група) абласцей, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Спачатку будучыя зоркі біятлона спаборнічалі ў трапнасці ў ціры, а затым бліснулі хуткасцю ў лыжных гонках на дыстанцыі 3 км. Прычым канкурэнцыя на мінскай лыжаролернай трасе была вельмі сур'ёзнай - так, пераможцу і сярэбранага прызёраў у гонцы хлопчыкаў старэйшай узроставай групы раздзялілі ўсяго 0,4 сек.
Па словах спецыялістаў, у гэтым сезоне юныя спартсмены парадавалі вынікамі як у стральбе, так і ў лыжнай падрыхтоўцы, сур'ёзна заявіўшы аб сваім патэнцыяле прадстаўнікам адразу трох відаў спорту - стральбы, лыжных гонак і біятлона.
Па суме вынікаў двух спаборніцкіх дзён у малодшай узроставай групе лепшымі аказаліся Вольга Петрачэнка (Магілёўская вобласць) і Раман Чапыжоў (Мінская вобласць), а сярод старэйшых першынствавалі Анжаліка Кудзінава (Магілёўская вобласць) і Максім Кісляк (Гродзенская вобласць).
У агульнакамандным заліку ў малодшай групе месцы на п'едэстале гонару занялі каманды Магілёўскай, Мінскай і Віцебскай абласцей, а ў старэйшых – Гродзенскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей.
Варта адзначыць, што кожны з 196 удзельнікаў фіналу незалежна ад занятага месца, стаў уладальнікам камплектаў лыжнай экіпіроўкі, сувеніраў і памятных прызоў ад Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, а таксама іншых арганізатараў спаборніцтваў. У іх ліку Міністэрства спорту і турызму, Міністэрства адукацыі, Мінгарвыканкам, БФСТ "Дынама", Нацыянальны алімпійскі камітэт, а таксама Беларускія федэрацыі біятлона, лыжных гонак і стралковага спорту.-0-